Пазоў Антона Матолькі, нагадаем, тычыцца выкарыстання Беларускім тэлебачаннем яго фотаздымкаў, паказаных у эфіры больш за год таму без яго дазволу. Яшчэ ў сакавіку 2015 года ён накіраваў Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі ліст-прэтэнзію, у якім напісаў пра парушэнне аўтарскіх правоў і нанясенне маральнай шкоды. Фатограф прапанаваў публічна прынесці прабачэнні ў выпуску навін на «Беларусь 1», заплаціць 10 млн рублёў у якасці кампенсацыі маральнай шкоды і 5 млн 400 тысяч — у якасці кампенсацыі парушэння маёмасных правоў.
Тады старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька ў сваім адказе паведаміў фатографу, што фота было ў «свабодным доступе» ў інтэрнэце і што аўтар здымкаў не забараніў іх выкарыстанне. Прэтэнзію Матолькі Давыдзька назваў «неабгрунтаванай», пры гэтым спаслаўшыся на законы «Аб аўтарскім праве і сумежных правах» і «Аб сродках масавай інфармацыі».
Праваабаронца з Гомеля Леанід Судаленка ў красавіку звярнуўся ў суд з позвай аб прызнанні несапраўднымі і абвяржэнні звестак, распаўсюджаных у «Белорусской военной газете». Суадказчыкамі ў позве фігуруюць журналіст выдання Уладзімір Кажэўнікаў і дзяржаўная ўстанова «Ваеннае інфармацыйнае агенцтва Узброеных Сіл Беларусі «Ваяр» («Белорусская военная газета» — адна з трох рэдакцый, што ўваходзяць у склад агенцтва «
Ваяр»).
Гаворка ідзе пра публікацыю ад 10 сакавіка 2016 г. «Кому выгодно порочить белорусскую армию?». Артыкул тычыўся інцыдэнту з
уцёкамі двух жаўнераў з размешчанай у Брэсце вайсковай часткі №92616 з-за збіцця і пагрозаў. Леанід Судаленка тады выступіў ініцыятарам звароту 75 грамадзян да міністра абароны Беларусі з патрабаваннем спыніць нестатутныя адносіны ў беларускім войску.
У публікацыі «Кому выгодно порочить белорусскую армию?» гаварылася, што праваабаронца займаецца «антыармейскай агітацыяй», «даносамі», «ганьбіць сваю краіну» і «разбурае грамадства». (Цытаты можна прачытаць
ТУТ).
Судаленка лічыць, што гэтыя звесткі не адпавядаюць рэчаіснасці, зневажаюць яго гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю.
Ён звяртаўся ў рэдакцыю з прапановай выбачыцца і апублікаваць абвяржэнне, аднак начальнік дзяржаўнай установы «Ваеннае інфармацыйнае агенцтва Узброеных Сіл Беларусі «Ваяр» палкоўнік Аляксей Пашкевіч вырашыў, што падстаў для гэтага
няма.
Першая сустрэча ў судзе адбылася 16 мая. Між тым, Кажэўнікаў працягвае публікаваць у сацыяльных сетках зневажальныя нататкі на адрас праваабаронцаў.
Паводле
baj.by