Актывіст з Баранавічаў арыштаваны пасля вяртання з Украіны
У Баранавічах праваахоўныя органы затрымалі актывіста Змітра Палойку.
Даведацца што-небудзь пра гэтую справу ў яго было немагчыма, ён быў недаступны. У гарадской міліцыі толькі паведамілі, што актывіст знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання (ІЧУ), іншай
інфармацыі не давалі, паведамляе сайт ПЦ «Вясна».
«Справа гэта вельмі складаная і далікатная. Апошнія паўгода Зміцер Палойка быў ва Украіне, і як толькі ён прыехаў на вакзал у Баранавічы, то адразу быў затрыманы. Праз знаёмых я
даведаўся, што на яго быў складзены адміністрацыйны пратакол за дробнае хуліганства, і Баранавіцкі гарадскі суд прызнаў яго вінаватым і прысудзіў яму 10 дзён арышту, якія ён цяпер адбывае ў ізалятары
часовага ўтрымання. Але чаму за дробнае хуліганства міліцыя выклікае і дапытвае ўсю радню, забараняе ім пакідаць Баранавічы? У гэтай справе шмат незразумелага, і мы будзем яе адсочваць»,
— распавёў праваабаронца Сяргей Гоўша.
spring96.org