Справы затрыманых у Італіі беларускіх фанатаў разгледзяць 15 чэрвеня 2015 года
Разгляд спраў арыштаваных 11 снежня ў Італіі фанатаў футбольнага клуба «Дынама» (Мінск) адбудзецца 15 чэрвеня 2015 года, паведаміў беларускі МЗС на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Твітэр».
Сутчыкі беларускіх футбольных хуліганаў з італьянскімі паліцыянтамі
«Правамернасць арышту заўзятараў органамі правапарадку 11.12 суд пацвердзіў, але з прычыны адсутнасці сацыяльнай небяспекі яны вызваленыя... Як паведаміў супрацоўнік амбасады з залы суда, беларускія заўзятары могуць пакінуць тэрыторыю Італіі... Абвінавачванне настойвае на наяўнасці доказаў правапарушэння, новае судовае паседжанне прызначанае на 15.06.2015», — патлумачыў МЗС.
Супрацоўнік консульскага аддзелу беларускай амбасады ў Італіі быў накіраваны ў Фларэнцыю для аказання консульскай дапамогі затрыманым. Ён прысутнічаў у мясцовым Палацы правасуддзя, дзе 12 снежня разглядаліся справы фанатаў. Быў забяспечаны пераклад.
Перад матчам Лігі Еўропы «Фіярэнціна» (Фларэнцыя) — «Дынама» (Мінск) быў затрыманы 61 заўзятар каманды гасцей. 48 з іх забаронена наведванне футбольных матчаў на тэрыторыі Італіі на працягу пяці гадоў. Астатнім 13 пагражае больш суровае пакаранне.
Інцыдэнт адбыўся пасля таго, як беларускія фанаты, якія сабраліся ў адным з фларэнтыйскіх пабаў, адмовіліся сесці ў аўтобусы, якія павінны былі іх даставіць на стадыён, і паспрабавалі правесці шэсце па вуліцах горада. У выніку сутыкненняў пацярпелі шэсць карабінераў, адзін афіцэр паліцыі і некалькі фанатаў. Заўзятары кідалі ў паліцэйскіх піўныя бутэлькі і крэслы з піўбара. У іх адабраныя дубінкі, дымавыя шашкі, маскі і плакат з кельцкім крыжом, які сярод скінхэдаў, расістаў і неанацыстаў выкарыстоўваецца для абазначэння перавагі белай расы.
Усяго на гульню прыбыло больш за 220 фанатаў «Дынама». Матч завяршыўся сенсацыйнай перамогай беларускага клуба — 2: 1.