Зміцер Палойка: «Скажыце ўсім, што ў Беларусі забаронена жаніцца на ўкраінках»
Гэта было апошняе, што сказаў арыштаваны ў Баранавічах актывіст Зміцер Палойка сваёй нявесце з Украіны.
Зміцер Палойка на працы
Жыхара Баранавічаў Змітра Палойку затрымалі на вакзале па прыездзе з Украіны 8 снежня і асудзілі на 10 сутак за дробнае хуліганства.
Intex-press звязалася з нявестай Змітра — Вітай, якая жыве ва
Украіне ў горадзе Курахава Данецкай вобласці. Яны пазнаёміліся летам праз інтэрнэт, ён некалькі разоў прыязджаў да яе ва Украіну і цяпер Віта і Зміцер вырашылі ажаніцца.
Жанчына распавяла, што Зміцер паехаў у Баранавічы, каб прадаць кватэру.
— Мы збіраемся ажаніцца, і ён хацеў мець нейкія сродкі для таго, каб
пачаць жыць ва Украіне, — тлумачыць Віта. — Ва Украіне ідзе вайна, усім цяжка, і Дзіма лічыў, што лішнія грошы нам не
перашкодзяць. Ён знайшоў пакупніка, дамовіўся пра кошт і паехаў у Баранавічы афармляць дакументы.
Па прыездзе ў Баранавічы 8 снежня Змітра Палойку затрымалі адразу на вакзале. Ён паспеў патэлефанаваць Віце і сказаць, што яго забіраюць у міліцыю.
— Паведамі ўсім, што ў Беларусі жаніцца на ўкраінках
забаронена, — апошняе, што пачула Віта ад Дзімы.
— У нас вайна ідзе, а такога бязладдзя няма, — уздыхае жанчына.
Пазней Віце патэлефанаваў чалавек, які сядзеў разам з Змітром у СІЗА, і распавёў, што міліцыя пасля затрымання перадала хлопца КДБ, а тыя ў хуткім часе вярнулі яго назад міліцыі. Суд асудзіў яго
да 10 сутак арышту за дробнае хуліганства.
У КДБ паведамілі, што нічога не могуць сказаць аб затрыманні Палойкі.
Беларускія выданні выказалі здагадку, што чалавек па прозвішчы Палойка служыў у батальёне «Данбас» і, мабыць, таму хлопец быў затрыманы ў Беларусі.
Віта гэтаму здзіўленая, яна лічыць, «магчыма, Зміцер выпадкова трапіў у кадр». Па словах жанчыны, горад Курахава, дзе яна жыве, знаходзіцца ў 18 км ад зоны АТА і Данецкага
аэрапорта. Віта распавяла, што кананада ў горадзе чутная амаль кожны дзень, бывае, і шкло ад выбухаў рассыпаецца: «Грады ляцяць над галовамі, але мы ўжо ўсе прывыклі».
— У нас у горадзе вельмі шмат вайскоўцаў: «Данбас»,
«Азоў», «Правыя сектары» розныя, тэхніка ездзіць, — распавядае нявеста Палойкі. — Дарослыя і дзеці пастаянна фатаграфуюцца з імі. За 200 грыўняў нават на танку можна
пакатацца. Можа, ён дзесьці выпадкова ў кадр трапіў?
Па словах Віты, Дзіма пражыў у яе ва Украіне тры месяцы, пасля вярнуўся ў Беларусь. І толькі нядаўна зноў прыязджаў на адзін тыдзень у Курахава. Гэта можна праверыць і па штампам у
пашпарце.
— Ён 20 сьнежня павінен выйсці, і хай адразу едзе дадому ва
Украіну, — ледзь не плача Віта. — Не трэба мне ні яго кватэра, ні тыя грошы. Мы хочам нармальную сям'ю стварыць,
працаваць, жыць душа ў душу. Ён добры зваршчык, у нас у горадзе ёсць дзе працаваць — ёсць ГРЭС, завод «Электрасталь»... Я не разумею, як такое ў вашай
краіне магло адбыцца? Для мяне гэта шок. Я яго больш нікуды не адпушчу.
intex-press.by