Актывісты БСДП: Наша сіла ў салідарнасці

Прадстаўнікі кампаніі «За наш горад» аказваюць прававую дапамогу жыхарам Брэсцкай вобласці, якія атрымалі паведамлення з падатковых інспекцый аб неабходнасці выплаты дзяржаўнага збору.

download_16.jpg


«На працягу апошніх 15 дзён больш за сто беспрацоўных звярнуліся да нас па кансультацыі. З кожным неабходна асабіста пагутарыць, знайсці неабходныя аргументы для складання звароту ў мясцовыя прадстаўнічыя органы аб вызваленні ад збору ў сувязі з цяжкай жыццёвай сітуацыяй. Наша сіла ў салідарнасці. Таму мы стараемся дапамагчы максімальнай колькасці людзей», — каментуе сітуацыю кіраўнік кампаніі «За наш горад», старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі БСДП Ігар Маслоўскі.
«Усе, хто звярнуліся, лічаць, што парушаюцца іх канстытуцыйныя правы. Людзі звяртаюцца таму, што рэальна не могуць заплаціць гэты збор. Гэта і маці-адзіночкі, і сваякі, якія даглядаюць інвалідаў або сталых людзей. Напрыклад, да нас прыйшла жанчына за парадай пасля паходу ў падатковую і гарвыканкам. Там чыноўніцы яе папракнулі ў тым, што яна ж неяк выжыла за гэтыя гады, значыць і цяпер пражыве, заплаціўшы падатак на дармаедства. Іх не хвалявала, што яна маці-адзіночка, што ў 2015 годзе яе маці цяжка хварэла і яна яе даглядада», — дзеліцца перажываннямі актывістка кампаніі і кіраўнік гарадскіх сацыял-дэмакратаў Ганна Канюс.
Прэс-служба Брэсцкай абласной арганізацыі БСДП