Алег Дашкевіч: “Самы першы канфлікт у нашай краіне — уладаў і правоў чалавека”
Асацыяцыя BelFilm абрала тры найлепшыя дакументальныя фільмы. Сярод іх — стужка берасцейскага праваабаронцы Уладзіміра Вялічкіна “Пальчыкі або ўрок гісторыі. Берасце
ўчора і сёння. Старшыня BelFilm Алег Дашкевіч распавядае, як развіваецца сучасная беларуская кінадакументалістыка, якое месца ў ёй займае праваабарончая тэматыка і якой у фільмах
паўстае Беларусь.
Асацыяцыя BelFilm абрала тры найлепшыя дакументальныя фільмы. Сярод іх — стужка берасцейскага праваабаронцы Уладзіміра Вялічкіна “Пальчыкі або ўрок гісторыі. Берасце
ўчора і сёння. Старшыня BelFilm Алег Дашкевіч распавядае, як развіваецца сучасная беларуская кінадакументалістыка, якое месца ў ёй займае праваабарончая тэматыка і якой у фільмах
паўстае Беларусь.
Сёлета на конкурс дакументальнага кіно, які зацвярджала асацыяцыя BelFilm, паступіла 124 працы. Большасць з іх даслалі рэгіянальныя аўтары. Арганізатары адмыслова рабілі акцэнт на невялікія гарады,
каб “абудзіць беларускую правінцыю, натхніць новых аўтараў. Па словах старшыні асацыяцыі Алега Дашкевіча, шмат працаў былі прысвечаныя праваабарончай тэматыцы. І невыпадкова.
— Дакументалістыка факусуецца на канфлікце, а ў нашай краіне самы першы канфлікт — гэта ўлада і правы, — кажа спадар Дашкевіч. — Напрыклад, масавыя акцыі нас менш
цікавяць, таму што за масай не відаць чалавека. А дакументалістыка — гэта заўсёды чалавек, прыватная гісторыя. І ў гэтым сэнсе нас парадавала тое, што людзі звяртаюцца да тэмаў, для Беларусі
фактычна нераскрытых — сталінскія рэпрэсіі, напрыклад. Вось нібыта нешта робіцца на гэту тэму, але настолькі мала, што незаўважна для гледача. У выніку гэтая тэма абсалютна не асэнсаваная ў
грамадстве. Дзяржаве гэта нецікава, маладыя ўжо праехалі гэту тэму, не асэнсаваўшы яе. Таму нас усцешыла, што аўтараў такія тэмы цікавяць. Бо яшчэ адна праблема — людзі, якія гэта перажылі,
сыходзяць. Зараз вёска ня тая. Збудавалі аграгарадкі, якія забіваюць архаіку, унікальнасць.
— Як вы ацэньваеце ўзровень сучаснай беларускай дакументалістыкі?
— Дакументалістыка наогул зараз вельмі папулярная ў свеце. Моладзь мусіць гэта адсочваць, цікавіцца гэтым. Да таго ж, сёння магчымасці значна большыя, чым 20 год таму. Зараз кожны сам сабе
рэжысёр, маючы інтэрнэт і хоць бы мабільны тэлефон. Іншая рэч, што інтэрнэт, як варонка, куды сківаецца ўсё. Вельмі шмат смецця. Але калі аўтар сапраўды мае ідэю, нешта цікавае ўяўляе з сябе, то ён
адразу мае шмат прыхільнікаў. А што тычыцца школы, то беларуская дакументалістыка заўсёды была на высокім узроўні ў адрозненні ад гульнявога кіно.
— Вы сказалі, што дакументальнае кіно зараз вельмі папулярнае ў свеце. А беларускія фільмы могуць быць цікавыя замежнаму гледачу?
— Яны ўжо цікавыя за мяжой. Фільмы Адамовіча, Хашчавацкага, Коласа, Асьлюка ўвесь час перамагаюць на сусветных фестывалях. Іншая рэч, што для развіцця трэба сістэма, а мы яе зараз
пазбаўленыя. Таму тыя, хто пачаў здымаць нядаўна, ідуць сваім шляхам. Можа, пасля гэтыя шляхі злучацца ў адзіную дарогу, усе будуць працаваць па нармальных правілах, як паўсюль у свеце. Напрыклад, у
Польшчы і ў Расеі значна лепшыя ўмовы. У іх ёсць разуменне культуры, кіно. А ў нас пакуль ёсць разуменне толькі выгоды. І дзяржаўнае тэлебачанне найчасцей выступае як сродак прапаганды. Хоць
незалежны “Белсат таксама робіцца закладнікам і вельмі часта таксама выступае ў якасці прапагандыста, на жаль. Бо гэта сітуацыя вайны, а не прафесійнага і творчага развіцця.
— Але ці мае шанц актуальнае беларускае кіно з’явіцца на шырокім экране?
— Знакаміты беларускі рэжысёр-дакументаліст Віктар Асьлюк казаў, што будзе стварацца беларускі дакументальны канал. Дай бог, каб ён з’явіўся, але ў мяне на гэта мала спадзяванняў.
Зараз ужо запусцілі тэлеканал “24 DOC, хоць там шмат расейскіх фільмаў, якія не маюць дачынення да Беларусі. Але нават гэта добра, бо людзі могуць ўбачыць нешта новае. Вяртаючыся
да таго, што дакументалістыка — гэта заўсёды канфлікт і асоба, тут ёсць праблема, што ў нашай дзяржаве, як вядома, канфліктаў няма. Таму асноўны мінус для дакументалістыкі, нават калі гэты
канал створыцца і будзе развівацца, нашай праблематыкі там будзе мінімум.
— Наколькі сёння ў дакументалістыцы раскрытыя праваабарончыя рэаліі нашага жыцця? Можа, у вас ёсць рэкамендацыі да аўтараў, якія працуюць з гэтай
тэматыкай?
— На праваабарончую тэматыку сапраўды з’яўляецца вельмі шмат фільмаў, яно і зразумела — сюжэты падказвае само жыццё. А рэкамендацыя да аўтараў у мяне адна —
звяртаць увагу на цікавых людзей і здымаць іх. У адрозненні ад гульнявога і папулярнага кіно тут усё залежыць ад чалавека, якога ты здымаеш. Калі табе пашанцавала з героем, нават пры тым, што ня
надта ўдалы мантаж і здымкі, сюжэт усё адно прыцягвае.
— Летась у Беларусі з’явіліся два гучныя фільмы, якія паказваюць сучасную Беларусь, але зусім з розных бакоў. Гаворка ідзе пра фільм “Плошча. Жалезам па
шкле і “Беларускую мару. У інтэрнэце было шмат водгукаў, што сапраўдная Беларусь дзесьці пасярэдзіне. Як вы ацэньваеце гэтыя стужкі? І паказваюць яны сапраўдную
Беларусь?
— У выпадку з фільмам “Жалезам па шкле невядомы аўтар. А калі няма аўтара, няма і пра што гаварыць. “Беларуская мара — фільм, які мае
свой погляд, тут ёсць праблема, канфлікт, аўтар, ёсць, да каго звярнуцца. Калі ўзгадаць тэзіс, што Беларусь дзесьці пасярэдзіне, то трэба прызнаць, што наша краіна зараз знаходзіцца ў стане халоднай
вайны. Ідзе акопная перастрэлка. Адны нападаюць, другія адстрэльваюцца. І гэта не ідзе на карысць ні дакументалістыцы, ні журналістыцы, ні культуры. Адны абцяжараныя сваёй нейкай уяўнай
ідэалогіяй, іншыя — тым, як выжыць і захаваць свае прафесійныя прынцыпы. Няма развіцця, кожны выжывае паасобку. А для каго, каб краіна рухалася, мусіць паўстаць культурны кантэкст. Зараз ён
развіваецца, але спантанна і толькі дзякуючы інтэрнэту. Што з гэтага будзе, цяжка сказаць. Але вось гэты планктон робіцца ўсё большым. Я думаю, што прыйдзе больш-менш нармальны час, з гэтага
павырастае шмат чаго цікавага.
— Ці плануеце вы паказ фільмаў-пераможцаў?
— Апошні год мы ездзілі па краіне і паказвалі якаснае дакументальнае кіно. Гэта прагляды для тых, хто не шукае простых адказаў на жыццёвыя пытанні, — для прасунутай моладзі,
інтэлектуалаў, інтэлігенцыі. Для нас самае важнае — не паказ, а дыскусія і аналіз фільма пасля прагляду. Мы прапануем ня толькі беларускае кіно, але і фільмы славутых майстроў сусветнага
маштабу. Дзе яны могуць убачыць намінанта на Оскара дакументальнага кіно? Нідзе. Хоць часам бываюць і казусы. Мы прывозім стужкі сусветнага ўзроўню, а нам кажуць — што вы прывезлі? Нам трэба
жорсткае ідэалагічнае кіно, але супраць рэжыму. А якасць іх не цікавіць. Вось гэта і ёсць вынікі ідэалагічнай вайны. Існуе сур’ёзная праблема, каб змяніць сітуацыю, каб наперадзе стала
культура і творчасць, а не мэтазгоднасць, страшная актуальнасць. Густы гледачоў трохі збіліся. Зараз час, калі раскідваюць камяні. Але трэба разумець, што прыйдзе час, калі гэтыя камяні давядзецца
збіраць.
spring96.org
Фота Радыё "Свабода"