Алена Леўчанка: Яны ніколі не змогуць забіць дух і сілу беларускага народа (дапоўнена)
Баскетбалістка Алена Леўчанка, якая адседзела на Акрэсціна 15 сутак за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве, сёння стала госцем прамога эфіру ў інстаграме Свабоднага аб'яднання спартсменаў.
Алена Леўчанка расказала, што зараз адчувае сябе нармальна.
— Побач са мной сябры і блізкія. Куды б я ні пайшла, людзі падтрымліваюць мяне. Але я не выключаю таго, што, магчыма, мне спатрэбіцца дапамога псіхолагаў. Я гэтага не саромеюся.
Самае цяжкае сёння — гэта ўсведамляць, што там, у камеры, у тых умовах, засталіся людзі, з якімі мы разам правялі час. За гэта я вельмі перажываю. За вельмі кароткі тэрмін дзяўчаткі, з якімі я дзяліла камеру, сталі не проста дзяўчаткамі, а не чужымі людзьмі, нашы погляды нас вельмі аб'ядналі.
Леўчанка таксама распавяла, як прайшлі яе 15 сутак арышту на Акрэсціна.
— Я разумела, што я ў турме, а не на курорце ці ў санаторыі. Але нават там, у камеры, я старалася знайсці час для сябе, для медытацыі. Я веру ў Бога, гэта таксама для мяне важна. І не буду казаць, што я такая моцная. Калі ўсе сціхалі і ішлі спаць, гэта быў мой час памаліцца і паплакаць, пасля чаго мне станавілася лягчэй. Менавіта тады я знаходзіла баланс і спрабавала заснуць, хоць гэта складана было назваць сном.
Баскетбалістка таксама падзялілася меркаваннем адносна маўчання знакамітых калегаў.
— У наш час цяжка не асуджаць. Мы ўсе знаходзімся ў такім эмацыйным стане. Пасля выбараў некаторыя спартсмены выказаліся супраць гвалту. Так, быў час, калі такое мела месца быць. Але мы прайшлі кропку незвароту. І цяпер, магчыма, лепш ужо нічога не казаць. Гэта выглядае, як быццам чалавек спрабуе проста адзначыцца.
Я лічу, што ў кожнага чалавека ёсць сумленне. Калі гэтым людзям, якія маўчаць, сёння спіцца нармальна, то што тут скажаш. Я ўпэўнена, усе выдатна ведаюць, што адбываецца. І калі яны маўчаць, што ж, рухаемся далей.
Гаворачы аб планах на будучыню, топ-баскетбалістка адзначыла:
— Зараз я жыву сённяшнім днём, атрымліваю асалоду ад часу з блізкімі. Што датычыцца баскетбола, то ў планах заканчваць кар'еру ў мяне няма, хоць некаторыя ўжо называюць мяне былой баскетбалісткай. Але красоўкі на цвік я вешаць пакуль не збіраюся.
У канцы эфіру Алена Леўчанка звярнулася да беларусаў:
— Мае дарагія беларусы, нас могуць запужаць, нам могуць пагражаць, нас могуць збіць і пасадзіць. Але яны ніколі не змогуць забіць дух і сілу беларускага народа. Ведайце, што нас шмат, мы разам і мы адзін аднаго падтрымліваем.tut.by