Алесь Бяляцкі: Чаму толькі перахварэлага на COVID-19 Аляксандра Кабанава цягаюць па этапах?

Цяпер, падчас выбарчай кампаніі, у Беларусі адбываецца сапраўднае паляванне праваахоўных органаў на блогераў, адзначае Алесь Бяляцкі.

kabanau_baj.jpg


Да 26 чэрвеня не было вядома дакладнае месцазнаходжанне Аляксандра Кабанава, прэс-сакратара ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай. З 17 чэрвеня ён адбываў 15-сутачны арышт па ч. 3 артыкула 23.34 КаАП (заклік да ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) ў брэсцкім ізалятары часовага ўтрымання. Потым стала вядома, што яго перавялі ў Драгічын, а 25 чэрвеня ў доме яго бацькоў пад Бярозай прайшоў вобшук. Супрацоўнікі міліцыі паведамілі бацькам Аляксандра Кабанава, што іх сына перавозяць у Мінск. Пры гэтым супрацоўнікі ІЧУ і СІЗА-1 адмаўлялі яго прысутнасць там.

26 чэрвеня праваабаронцам "Вясны" стала вядома, што блогер Аляксандр Кабанаў знаходзіцца ў мінскім ЦІП на вуліцы Акрэсціна. Брэсцкі праваабаронца "Вясны" Уладзімір Вялічкін мяркуе, што ён можа быць фігурантам "справы Ціханоўскага".

Старшыня Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі адзначае, што цяпер, падчас выбарчай кампаніі, у Беларусі адбываецца сапраўднае паляванне праваахоўных органаў на блогераў.

"Беспадстаўна ўзбуджаюцца адміністрацыйныя і крымінальныя справы. Міністр унутраных справаў Юрый Караеў абвінавачвае іх у арганізацыі “вулічнай рэвалюцыі”.

Дзесяць дзён ніхто нічога не ведаў пра лёс Аляксандра Кабанава, блогера і прэс-сакратара Святланы Ціханоўскай. 17 чэрвеня яго асудзілі на 15 сутак, як быццам бы за заклік да правядзення мітынгу ў Брэсце і ўсялякая інфармацыя пра яго знаходжанне спынілася. “Доблесная” міліцыя хавала праўду – дзе ж знаходзіўся Аляксандр Кабанаў усе гэтыя дні. Затым брэсцкія праваабаронцы даведаліся, што яго чамусьці трымаюць у ІЧУ г. Драгічын. І толькі сёння – што яго перавезлі ў ЦІП Мінска. Ёсць падазрэнні, што супраць блогера ўзбудзілі крымінальную справу і яго збіраюцца перавесці у СІЗА-1".

Праваабаронца "Вясны" Алесь Бяляцкі адзначае, што такая тактыка беларускіх уладаў, калі не выдаюць месцазнаходжанні затрыманых людзей, можна параўнаць з іх выкраданнем.

"Паводзіны беларускай міліцыі ўсё больш нагадваюць дзеянні Тантон-макутаў, гаіцянскую гвардыю, сімвала змрочнага палітычнага рэжыму дыктатара Дзювалье, якія займаліся выкраданнем іншадумцаў.

Юрый Караеў, калі вы сапраўдны афіцэр, а не царскі апрычнік, адкажыце, калі ласка, чаму толькі перахварэлага на COVID-19 Аляксандра Кабанава цягаюць па этапах, якая для гэтага важная прычына?"

spring96.org