Алесь Кіркевіч: Беларусаў шкадаваць больш ніхто не будзе, бо агульны трэнд цяпер — сіла

Кажуць, у барацьбе вораг мусіць несці страты. Нават парваны матузок на боце АМАПаўца — гэта страта. Аднак няма і гэтага. Пакуль страты нясём толькі мы. Бяда ў тым, што мы з цяжкасцю ўяўляем сабе выхад з гэтага нацыянальнага крызісу, разважае на «Будзьма» Алесь Кіркевіч.

Што чакае беларусаў наперадзе? Ці варта спадзявацца на эфект даміно пасля ўкраінскага контрнаступу? Ці ёсць сэнс у хаджэннях пад консульствы са сцягамі? Як выйсці з нацыянальнага крызісу? Разважае Алесь Кіркевіч.

2018_03_27_07.03.55_1_logo_1_logo_1_1.jpg

«Жах», «Як так можна?!», «Праклінаю!», «За што нам гэта?..» — зразумелы, але слабы адказ на смерці, арышты і гвалт у Беларусі. Людзі ідуць са сцягамі і партрэтамі да консульстваў РБ у замежжы. Выказацца, паставіць свечку — і разысціся. «А што рабіць?.. Хоць нешта». 

Дарма казаць, што хаджэнні пад консульствы ў выходныя ці будні пасля працы — дзіўная рэч. Бо яны — пасольствы і консульствы — пустыя. У іншы час, працоўны для дыпламатаў, працуюць і самі людзі. Як у жніўні 2020-га. Па нядзелях на пратэст, ад панядзелка — на працу... 

Блакіраваць консульствы не дасць польская ці літоўская паліцыя, бо ёсць міжнароднае права. Кожны консульскі супрацоўнік — пад аховай дзяржавы. Але і хаджэнні, давайце прызнаем — гэта сродак выказацца, а не змагацца. Гэта трэба самім людзям. Бацькаўшчына ад гэтага не стане вальнейшай. 

Кажуць, у барацьбе вораг мусіць несці страты. Нават парваны матузок на боце АМАПаўца — гэта страта. Аднак няма і гэтага. Пакуль страты нясём толькі мы. 

Якія яшчэ опцыі супраціву ў замежжы? Далучыцца да ПКК ці іншых падраздзяленняў. Дапамагаць сем’ям асуджаных, забітых, уцекачам. Данаціць-данаціць-данаціць... Калі ўсё гэта немагчыма — хаця б прыйсці з партрэтам да бліжэйшага консульства РБ. 


img_0490_logo.jpg_logo.webp

Не шкадаванне, а сіла. Абдымкаў для беларусаў не будзе 

Сітуацыя бездапаможнасці нараджае фрустрацыю. Бо фрустрацыя ці неўроз — гэта нерэалізаваная воля. Воля адпомсціць, аднавіць парадак рэчаў, вярнуцца на Радзіму. Адсюль крык душы ў сацсетках: людзям хочацца выкрычацца хоць так. У Беларусі і гэта немагчыма: занадта вялікі кошт слова. 

Але і гэта ўсё — паўбяды. А бяда ў тым, што мы з цяжкасцю ўяўляем сабе выхад з гэтага нацыянальнага крызісу. Не толькі абвал рэжыму, але і сам адказ на пытанне: што рабіць з грамадствам, якое ад 2020-га знаходзіцца фактычна ў стане грамадзянскай вайны? Не на 3% там усё трымаецца. 

Спадзяванне на эфект даміно пасля ўкраінскага контрнаступу (паваліцца Масква, паваліцца і Мінск) хімернае. Саміт НАТА паказвае, што Захад дапаможа Украіне ў вайне, але не зацікаўлены ў татальным абвале Расіі ў прорву — занадта шмат рызык: ядзерная зброя, вайна ўсіх з усімі, фактар Кітая. 

Больш за тое, не варта падманвацца адносна ўкраінцаў. Яны, справядліва і гераічна, ваююць за сваё. Не за наша. Яны і не абавязаны ваяваць за наша. Раю паглядзець інтэрв’ю на канале «Пара» з Дмытро Грамаковым. Там украінскі палітолаг раскладвае па палічках: чаму беларусы самі ва ўсім вінаваты, чаму самі мусяць вырашаць свае праблемы, на якія беларускія прадпрыемствы пасля перамогі будзе прэтэндаваць Украіна... 

Рэплікі вядучага той праграмы ў адказ, маўляў, «знаёмаму майго знаёмага засоўвалі ў 20-м дубінку ў ...», падаюцца бездапаможнымі. 

Беларусаў шкадаваць больш ніхто не будзе, бо агульны трэнд зараз — сіла. Не шкадаванне. Украінцы самі нацярпеліся, таму абдымкаў і цёплай коўдры для беларусаў не будзе. Толькі пытанне: што зрабілі вы?

Глядзіце таксама

Галоўныя ўзрушэнні — наперадзе 

У дэмакратычнай Еўропе так наўпрост ніхто не скажа. Не прынята. Для парадку і іміджу заўжды будзе бюджэт на падтрымку дэмсіл, СМІ, культуру... Раней больш, зараз — менш. Але падтрымка — гэта не вырашэнне пытання. Падтрымліваюць — нешта. Дровы падкідваюць у агонь, які ўжо гарыць (як у выпадку з Украінай). Калі дровы сырыя, то які сэнс?

Колькі нашых знаёмых і незнаёмых яшчэ загіне, пройдзе праз катаванні і прыніжэнні, пакуль гэтае вогнішча нарэшце будзе гатова да таго, каб у яго нешта падкідваць? Не ведае ніхто. Ні ў Беларусі, ні ў дэмакратычных штабах. Апошнія, па факце, выконваюць консульскія і праваабарончыя паслугі для беларусаў замежжа: каб да беларусаў тут ставіліся лепш, чым да расійцаў. Дзякуй і за гэта. 

Не хочацца сурочыць, але галоўныя ўзрушэнні яшчэ чакаюць беларусаў наперадзе. 2020-ты на іх фоне забудзецца таксама, як 2006-ты ці 2010-ты. Адзін бог ведае, які кошт яшчэ давядзецца заплаціць за свабоду, бо час мірных (каляровых) рэвалюцый незваротна мінуў. 

Факт, што нас застанецца мала. І сам факт гібелі чарговага мастака, палітвязня ці палітыка перастане здзіўляць. Як у лютыя сталінскія часы, калі здзіўляліся не смерці ў турме. Здзіўляліся, калі нехта адтуль вяртаўся. Праз маштабы ўсё гэта будзе ўспрымацца эмацыйна ўжо ў сямейным, а не грамадскім коле. На іншых эмоцый не застанецца. 


Глядзіце таксама

Адзінаццаты запавет Майсея

Найбольш аптымістычны варыянт — калі па выніку, адпомсціўшы і аплакаўшы памерлых, у разбуранай краіне мы ўсё ж зможам адбудаваць Беларусь, пра якую марылі і памерлыя, і жывыя. Гэта прыклад Ізраіля. Яўрэяў таксама дакаралі, што яны недастаткова актыўна супраціўляліся, «ішлі на забой»... Але ў выніку тыя збудавалі дзяржаву, з якой ніхто не рызыкуе спрачацца, не тое каб счапіцца. 

У выніку Халакосту яўрэі, страціўшы агромністы чалавечы капітал, не кажучы пра фінансавы, усё ж перамаглі. Бо прайшоўшы праз смерць і прыніжэнні, зразумелі каштоўнасць нацыі, дзяржавы, войска. Бо да фінішу дайшлі іншымі людзьмі: незалежна ад таго, перажылі ўсё гэта ў Польшчы ці даведваліся пра падзеі з Лондана ды Чыкага. 

Яўрэі зразумелі галоўнае: «Ніхто ў свеце не дапаможа, апроч нас саміх» — гэты запавет можна было б дапісаць на скрыжалях Майсея пад нумарам 11. Здаецца, сіяністы казалі пра ўсё гэта яшчэ задоўга да Халакосту, роўна як Пазняк крычаў пра тое, што «Расія — гэта вайна», яшчэ ў 1990-х. 

Але словы не працуюць. Працуе досвед. 

І нас усё гэта яшчэ чакае.