Аляксей Кароль: Улады правялі супраць "Arche" спланаваную жорсткую атаку

Галоўны рэдактар газеты “Новы час перакананы, што ўціск часопісу звязаны з фармаваннем у ім беларускай нацыянальнай думкі.



1_6.jpg

“Генеральная лінія ўлады — абмежаванне свабоды слова дашчэнту, да маленькай выспачкі, каб ні ў якім разе не даць ёй пашырыцца.


Раней улады прымянялі гэтую тактыку толькі да перыядычнага друку, газет, сайтаў. Але атака на "Arche", якая распачалася прыкладна тры гады таму, калі рэжым памкнуўся прызнаць часопіс экстрэмісцкім, выбіваецца з гэтага шэрагу. "Arche" — гэта інтэлектуальны часопіс для вельмі абмежаванага высокаадукаванага кола чытачоў.


Выснову з атакі на "Arche" можна зрабіць толькі адну: у Беларусі склалася інтэлектуальная эліта, і гэтая эліта мае ў выданні сваё апірышча. Так адбывалася ва ўсіх краінах, дзе нацыянальныя рухі набывалі моц, а потым перамагалі.
Гэтак было ў Славакіі, у Чэхіі, іншых краінах. Вакол нацыянальных суполак, выдавецтваў, нацыянальных гурткоў фармавалася нацыянальная эліта, якая ў пэўны час сваімі ідэямі захоплівала большасць грамадства. Мне падаецца, што беларускія ўлады гэта зразумелі і цяпер выкараняюць усе падобныя праявы", — заявіў Аляксей Кароль прэс-службе ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў.