Алесь Лагвінец: Плошчу дыскрэдытуюць да яе пачатку

Пасля падзей ва Украіне ўлады Беларусі могуць прэвентыўна яшчэ да пачатку выбарчай палітычнай кампаніі 2015 года дэскрэдытаваць форму мірнага пратэсту, мяркуе палітолаг Алесь Лагвінец.



lahviniec_2010.jpg

У часе канферэнцыі «Беларусь на авансцэне Еўразіі: паміж Масквой і Кіевам», што праходзіць ва Універсітэце Лазарскага ў Варшаве, Алесь Лагвінец, палітолаг і прадстаўнік руху “За свабоду”, выказаў меркаванне, што на тле сукупнасці падзей, якія адбываюцца вакол Беларусі і ў самой дзяржаве, палітычная кампанія 2015 года не будзе такой простай і прадказальнай, як мяркуюць многія палітаглядальнікі.

Пасля таго, як Украіна паспрабавала імкліва рухацца ў бок Захаду, яна зведала ўнутранае і знешняе супрацьстаянне, элементы грамадзянскай вайны і акупацыю Крыма. Усё гэта, па ацэнках Лагвінца, спарадзіла ў беларускім грамадстве хвалю попыту на стабільнасць. Разам з тым ёсць стомленасць ад шматгадовай прысутнасці на чале дзяржавы аднаго чалавека, ёсць чаканні эканамічнага характару, якія цяперашні рэжым задаволіць не можа.

Гэтыя чаканні не звязваюцца з палітычным рэжымам у Беларусі, таму для альтэрнатыўных палітычных сілаў ёсць магчымасць сябе паказаць. У 2011 годзе Беларусь спазнала вялікі ўнутраны эканамічны крызіс, згадкі пра тое свежыя, а слова “дэвальвацыя” адмоўна ўспрымаецца ў грамадстве. Варта гэта выкарыстоўваць у працы з насельніцтвам. Нельга абсалютызаваць Майдан. То бок мірны вулічны пратэст, Плошча, у 2015 годзе  можа быць адным з інструментаў, але не стане вырашэннем усіх праблемаў і дасягненнем мэтаў. Разам з тым Лукашэнка неаднаразова згадваў пра свае апасенні, што падзеі ва Украіне могуць перакінуцца на Беларусь, і пра тое, што гэтага не дапусціць. Таму, магчыма, мірны пратэст будзе дыскрэдытаваны яшчэ да таго, як адбудзецца, — адзначае палітолаг Алесь Лагвінец.

Нагадаем, 30 мая — 1 чэрвеня 2014 года ў Варшаве ладзіцца міжнародная канферэнцыя “Беларусь на авансцэне Еўразіі: паміж Масквой і Кіевам”. Канферэнцыя арганізавана Інстытутам грамадзянскай прасторы і публічнай палітыкі Універсітэта Лазарскага. Гэта ўжо шостая канферэнцыя Цэнтра беларускіх даследаванняў Інстытута, прысвечаная праблемам беларускага грамадства.

У працы канферэнцыі вылучаныя секцыі “Паблізу ўкраінскага вулкану”, “Нацыя “на ростанях”: міфы і стэрэатыпы ў беларускім грамадстве”; “Грамадзянская супольнасць — крыніца перамен”.