Аляксандр Кабанаў: Блогеры заклікаюць ігнараваць парад
Пачатак прэзідэнцкай кампаніі, альтэрнатыўная і праўдзівая інфармацыя, агучванне сітуацыі з каронавірусам і верагодны зрыў парада.
Такімі маглі стаць асноўныя прычыны затрыманняў блогераў Сяргея Ціханоўскага і Сяргея Пятрухіна, — перакананы адзін з лідараў пратэстных акцый супраць будаўніцтва акумулятарнага завода, аўтар ютуб-канала Аляксандр Кабанаў:
— Затрымалі трох блогераў на сённяшні момант. Я думаю, у першую чаргу прычына — гэта парад 9 траўня. Гэта ўладу напружыла. Таму што блогеры заклікалі яго ігнараваць, і больш таго — стварыць антыпарад. Парад для Лукашэнкі — святое. Ён адчувае сябе на ім пераможцам. Магчыма, Аляксандрам Македонскім. Я дакладна не ведаю кім, але любы разумны чалавек падчас пандэміі ад парада адмовіўся б.
Аляксандр Кабанаў не выключае, што напярэдадні святкавання 9 траўня і нядзельных акцый можа быць затрымана яшчэ больш людзей. Але ўсё гэта толькі злуе насельніцтва, і сустрэчы з некалькімі сотнямі удзельнікаў могуць вырасці да некалькіх тысяч.