Бяда прыйшла. Ці дапамогуць «духі продкаў»?
Алесь Кіркевіч разважае на budzma.by пра вайсковы парад, які мае ўсе прыкметы паганскага рэлігійнага культу.
У мінулыя гады парады, балонікі ды стужкі да 9 траўня трактаваліся выключна палітычна. Маўляў, гэтак хочуць бабулькі і дзядулькі родам з СССР. Або гэтак хочуць беларускія вайскоўцы, каб «шыкануць» перад злавесным НАТА. Або гэтак хоча Масква... Усё аказалася прасцейшым. Так хоча Ён. І Ён сапраўды ў гэта верыць.
Зусім нядаўна знаёмы ў сваёй стужцы заўважыў, што кіраўнік краіны ўсё часцей звяртаецца да вышэйшых сілаў. Да Бога. Маўляў, «дай Бог нам дажыць», «дай Бог выстаяць», «дай Бог, скончыцца ўсё да лета...» і г. д. З чаго б гэта раптам абсалютна савецкі паводле ментальнасці чалавек, які саркастычна называў сябе «праваслаўным атэістам», робіць такі акцэнт на рэлігіі?
Залагодзіць вернікаў і спадабацца царкве? Ды не, не веру. Не тое. Мяркую, што гэта абсалютна шчыра. Вядома ж, «на вайне атэістаў не бывае». На караблі, які тоне, ці самалёце, што падае ў бездань таксама розныя метамарфозы з людзьмі адбываюцца.
Вось і ў нашым выпадку, імаверна, калі вакол адбываецца халера ведае што, а шмат што яшчэ збіраецца адбыцца найбліжэйшым часам, у нязменнага лідара нешта ёкнула. Нешта старажытнае і сапраўднае, закладзенае генетычна ў часы, калі продкі хаваліся ад навальніцаў па зямлянках ды верылі, што крэмень па палях раскідаў Пярун.
З Днём перамогі, падаецца, гісторыя абсалютна аналагічная. Бо 9 траўня — гэта ж не пра гісторыю, не пра ветэранаў і нават не пра палітыку. Гэта пра рэлігію. Усе атрыбуты прысутныя: шэраг каляндарных датаў, сакральныя атрыбуты (зоркі, стужкі, песні), старыя багі, якія сышлі ў лепшы свет (кшталту Сталіна ці Жукава) і больш дробныя тытаны, якія натхняюць нас сваёй прысутнасцю (ветэраны). Пра вечны агонь ды стэлы нават казаць не трэба — гэта рытуалы з паганскай антычнасці.
Дык вось, чаму парад на 9 траўня не можа не адбыцца? «Каб не падумалі, што мы нечага баімся», — кажуць з высокіх трыбунаў. Але ж... каб хто не падумаў? Ветэраны? Дык яны або адышлі ў лепшы свет, або будуць сядзець па хатах. Масква? Дык там парад адмянілі. Электарат? Дык ён сёлета зусім не вылучаецца энтузіязмам, асабліва пасля «віруснага пахмеллля» ў выніку Вялікадня.
Дык хто ж не мае падумаць? Ну вядома, духі продкаў! Тут архетып паводзінаў перададзены амаль ідэальна, можна ў падручнікі па антрапалогіі запісваць. Яны ж, франтавікі, якія штурмавалі Кёнігсберг і Берлін, сочаць за намі з таго свету, усё бачаць. Дык як без параду? Абразяцца! А там, глядзі, яшчэ горш будзе!
Дык для чаго патрэбны той парад? Каб умоўныя духі продкаў глянулі, ацанілі паднашэнні, усміхнуліся і... зрабілі ўсё як раней было. Прынеслі тое, што, паводле легендаў, прынеслі ў 1945-м: мір, адбудову, адраджэнне, эканамічны рост і жменьку цукерак усім і кожнаму.
То-бок духі продкаў маюць на нябачным узроўні паўтарыць свой сакральны акт: вызваліць Беларусь. Гэтым разам, праўда, не ад немцаў, але ад вірусу ды эканамічных злыбедаў.
Зразумела, што ўсё вышэйсказанае — толькі спроба аднавіць логіку чалавека, які сваімі рашэннямі парушае ўсе стандарты палітычнай логікі, заснаванай на прагматызме. Папуліст бы раздаў тысячы медалёў, прэміяў ды паштовак з аўтографам лекарам. Папуліст хоча спадабацца людзям, вернік — вышэйшым сілам. Няўзброеным вокам бачна, што гэта не папулізм і нават не ідэалогія, а менавіта культ.
Што хаваць? Мы ж самі жывём падобнымі парадыгмамі. Самі ствараем культы і прарочым няшчасці тым, хто гэтаму замінае. Возьмем хаця б гісторыю з Курапатамі. Год таму, калі па ўказцы зверху напярэдадні Вялікадня вакол урочышча павыдзіралі крыжы, шмат даводзілася чуць пра хуткія «кары егіпецкія» для тых, хто ўсю гэтую кашу заварыў. Сэнс той жа, проста формы менш пафасныя.
Да чаго ўсё гэта? Зусім не для таго, каб пляжыць асобу, якая, карыстаючыся сваім становішчам, транслюе цалкам архаічныя ўяўленні пра дынаміку сусвету ўсім беларусам. Гэта было б банальнай зайздрасцю. Мы б, маючы ўладу, яшчэ не такія культы стварылі б!
Сэнс у тым, што архаіка нікуды не сыходзіла. Яна — побач. Яна — у кожным з нас. І ў тых, хто пайшоў на Вялікдзень у храм, і ў тых, хто не мог не завітаць на могілкі на Радаўніцу, і ў тых, хто носіць маску з антысептыкам нібы абярэг, не ведаючы, як насамрэч працуе вірус і як ад яго бараніцца.
Мы такія, якія ёсць. Паставіўшы чарговага знойдзенага археолагамі ідала на музейную вітрыну, мы абавязкова зробім новага. А ці рукамі з дрэва, ці на 3D-прынтары — усяго толькі пытанне густу.
Алесь Кіркевіч, budzma.by