Аляксандр Круты — таксама палітычны

Еўрапейскія ды расійскія крытэры даюць падставы сцвярджаць — Аляксандр Круты асуджаны па палітычных матывах.



8ce8b102d40392a688f8c04b3cd6cae0.jpg

Еўрапейскія ды расійскія крытэры даюць падставы сцвярджаць — Аляксандр Круты асуджаны па палітычных матывах.

Аляксандр Круты — адзін з трох спрэчных кандыдатаў на палітвязня (яшчэ два — Малчанаў ды Чыгілейчык), наконт якога ўжо 5 месяцаў праваабаронцы не могуць вынесці вердыкт — палітычны ці не. Стаць “палітычным — гэта не проста займець прыгожы статус. Пра “палітычных увесь час гавораць у СМІ, абмяркоўваюць праваабаронцы, іх вызвалення патрабуюць замежныя палітыкі, яны становяцца закладнікамі палітычнага гандлю з магчымасцю выйсці раней (а часам і пазней — тут ужо як пашанцуе) за рэальны тэрмін. Палітвязень атрымоўвае галоўны прывілей сучаснага інфармацыйнага грамадства — заўжды быць на слыху, у цэнтры ўвагі.

Статус “палітвязня вызначаецца паводле пэўных крытэраў. У Еўропе такія крытэры распрацавалі эксперты Рады Еўропы ды “Міжнароднай Амністыі. На жаль, беларуская праваабарончая супольнасць яшчэ не акрэсліла нацыянальныя крытэры, таму нам даводзіцца карыстацца крытэрамі суседзяў-расійцаў, якія супольна ўжо выпрацавалі адзіны механізм вызначэння “палітычных спраў. Не будучы юрыстам, не магу замахвацца на правядзенне юрыдычнай экспертызы справы Крутога, але грамадская экспертыза пад сілу і журналісту.

Паводле “Міжнароднай Амністыі (МА), палітычным вязнем называецца любы зняволены, у справе якога прысутнічае важкі палітычны элемент — матывацыя дзеянняў вязня, самі дзеянні ці прычыны, што пабудзілі ўлады адправіць вязня за краты. Аляксандра Крутога абвінавачваюць у тым, што ён выліў шкляначку з мачой на галаву галоўнаму лекару шпіталя, дзе ягоная дачка праходзіла лячэнне пасля тэракта ў мінскім метро. Праўда, назваць гэта лячэннем цяжка — паводле Інэсы Крутой, пасля рэабілітацыі ў шпіталі яна, недалечаная, некалькі разоў падала дома (падчас выбуху ашчэпкі патрапілі дзяўчыне ў нагу, зараз яна перасоўваецца з мыліцай), што не магло не выклікаць гневу бацькі на гора-лекараў.

Праз закрыты суд ды забарону для адвакатаў гутарыць з прэсай цяпер складана праясніць абставіны таго здарэння. Нават калі парушыць прэзумпцыю невінаватасці і прыняць пазіцыю абвінавачання, што Круты сапраўды выліў гэтую злашчасную шклянку мачы на лекара, ці можна лічыць гэта замахам на канкрэтнага чалавека? Артыкул 339 “Хуліганства ў Крымінальным кодэксе адносіцца да раздзелу “Злачынствы супраць грамадскага парадку і грамадскай маральнасці, а не да раздзелаў “Злачынствы супраць чалавека ці “Злачынствы супраць асабістай свабоды, гонару і годнасці, што ўскосна пацвярджае — гнеў Крутога быў скіраваны на лекара як прадстаўніка дзяржавы. Гэта была спецыфічная форма пратэсту агулам супраць непрафесіяналізму і абыякавасці медыкаў, якія з’яўляюцца часткай дзяржаўнай сістэмы, а таму ўвасабляюць бяздушнасць дзяржавы да здароўя дачкі вязня.

Пра прычыны, якія пабудзілі ўлады адправіць Крутога за краты, нам дазваляюць меркаваць наступныя факты. Паводле следства, мужчына “пахуліганіў 17 жніўня, крымінальная справа быццам бы была распачата 19 жніўня. Фактычна месяц, з 19 жніўня па 18 верасня, Аляксандр Круты знаёміцца з матэрыяламі справы пра выбух (паводле брата Крутога, з матэрыяламі справы азнаёміліся ўсяго 7 пацярпелых ды іх прадстаўнікоў), наведвае судовыя пасяджэнні, штодня праходзіць фэйс-кантроль міліцыі і спецназу, задае ў судзе вострыя пытанні, хадайнічае пра адкладанне судовага працэсу над Канавалавым і Кавалёвым, раздае журналістам інтэрв’ю на ганку суда. Пасля чарговага пасяджэння 20 верасня Крутога нечакана затрымліваюць — аказваецца, днём раней яго аб’явілі ў вышук у межах яго ўласнай крымінальнай справы.

Напрошваецца выснова — улады вырашылі пасадзіць Крутога менавіта пасля таго, як ён пачаў прымаць актыўны ўдзел у судзе пра выбух ды, маючы багата інфармацыі з 565 тамоў крымінальнай справы, мог парушыць хаду кімсьці ўжо прадуманага судовага працэсу. Дарэчы, па згадках Інэсы, бацька казаў ёй, што ў крымінальнай справе было 567 тамоў, але з апошнімі двума азнаёміцца яму не далі і нават іх не паказалі. Пазней у судзе іх таксама не агучвалі. Можа, нехта пабаяўся, што Круты публічна спытаецца, дзе ж гэтыя таямнічыя два тамы і што ў іх напісана?

Крытэры Рады Еўропы ды расійскіх праваабаронцаў дэталізуюць азначэнне “палітвязня. Не пералічваючы ўсіх, назаву тыя два, пад якія, відавочна, патрапляе справа Крутога: працягласць і ўмовы ўтрымання несуразмерныя са здзейсненым правапарушэннем; пераслед вязня ажыццяўляецца з парушэннем працэсуальных гарантый. Суд прызнаў Аляксандра Крутога псіхічна нездаровым і прызначыў лячэнне, аднак вязень і пасля суду 6 снежня працягвае ўтрымлівацца ў турме. Крутога павінны лячыць у Навінках, аднак у гэтую медычную ўстанову яго адвозілі толькі на правядзенне псіхіятрычнай экспертызы. Увесь іншы час Круты быў ці то ў ізалятары Жодзіна, ці то на Валадарцы (дзе знаходзіцца і цяпер).

Але ж прызнанне яго нездаровым пасяліла сумневы наконт яго псіхічнага стану сярод незалежных праваабаронцаў ды грамадскіх актывістаў. Дый наколькі адпавядае дзеянням Крутога заведзеная крымінальная справа за асабліва цынічнае хуліганства з перспектывай трох гадоў турмы? На маё несудзейскае вока, тут болей бачыцца адміністрацыйная справа за “дробнае хуліганства ды штраф ці арышт на 15 сутак.

Працэсуальных парушэнняў у справе Крутога таксама хапае. Паводле маніторынгу арганізацыі “Платформа, цягам болей як двух месяцаў, ажно да самага суду 6 снежня, Круты заставаўся ў статусе “падазронага. Крымінальна-працэсуальны кодэкс гаворыць, што праз 10 дзён пасля арышту падазронаму ці прад’яўляецца абвінавачанне, ці яго вызваляюць. Крутому ў належны час абвінавачанне не прад’явілі, але і з-за кратаў не адпусцілі. Следчыя дзеянні і псіхіятрычная экспертыза праводзіліся з чалавекам, якога нават ні ў чым не вінавацілі.

Калі б справа Крутога была вядомая расійскім праваабаронцам, “Міжнароднай Амністыі ды Радзе Еўропы, магчыма, там бы яго прызналі “палітычным ды пільна паставіліся б да ягонай справы. Чакаць, пакуль беларусы вызначацца са сваімі крытэрыямі нельга — Мінскі гарадскі суд перанакіраваў справу Крутога на перагляд, які адбудзецца цягам месяца. Менавіта цяпер, на стадыі прыняцця рашэння, а не абскарджваючы несуцяшальныя вынікі, мы маем шанец выхапіць Аляксандра Крутога з багны беларускага правасуддзя.