«Алё, «Ахова лесу»? Я б хацеў з сякерай паехаць да Брузгоў». Журналіст узяў прыклад з мігрантаў, што пачуў у адказ?

Беларускі журналіст Дзмітрый Гурневіч вырашыў паўтарыць дзеянні ўсходніх мігрантаў на мяжы Беларусі і Польшчы. І патэлефанаваў у «Ахову леса», каб даведацца: а так можна?

66_3.jpg

— Некалі налібацкія самагоншчыкі (з маёй роднай вёскі) вазілі дровы з-пад хаты пад апараты на трактарах, бо баяліся сячы дрэва ў лесе, — піша Дзмітрый Гурневіч. — Здымкі і кадры, як нейкія людзі сякуць лес каля Брузгоў, паказвалі ўчора па дзяржаканалах, яны на афіцыйных інфармацыйных рэсурсах. І? І нічога. Ну, то я патэлефанаваў у Гродзенскі лясгас. Гаварыў на «чыста рюскім», каб не спалохаць спецыялістаў.

— Добры дзень. Скажыце, а ці можна мне зараз паехаць у лес пад Брузгі і насекчы 5-8 дрэў?

— У сэнсе?

— Проста, сякерай. І забраць з сабой або пакінуць, я пакуль не вырашыў.

— Не, канешне, вы што.

— А чаму тады нейкія людзі ўчора гэта рабілі і ніхто іх не спыніў? Я бачыў сюжэт па БТ, аніводнага лесніка вашага там не было, ні міліцыі.

— Я думаю, што гэтых людзей потым пакараюць...

— А ці можна даведацца, хто?

— Я не ведаю. Напэўна, галоўны ляснічы ведае. Але ён будзе толькі ў панядзелак. Тэлефануйце яму потым.

— Ага, вернецца праз тыдзень і пакарае іх?

— Не ведаю. Патэлефануйце ў «Ахову лесу», можа.

***

— Алё, гэта «Ахова лесу»?

— Так.

— Я хацеў бы сёння з сякерай паехаць у бок Брузгоў, насекчы там каля дзясятка дрэў і распаліць два дзясяткі вогнішчаў. Мне трэба ваш дазвол?— ... Вы хочаце такое зрабіць самі? Я не разумею вас.

— Я проста бачыў, што ўчора тое ж рабілі нейкія людзі каля мяжы, а потым яшчэ кідалі нашы беларускія дрэвы на польскі бок. Я падумаў, што і мне можна. Тым больш, я грамадзянін Беларусі, а яны, здаецца, не. Памятаю, калі я быў дзіцём, збіраў чарніцы машынкай, леснікі нам пагражалі штрафамі. А тут людзі дрэвы сякуць — і нікога няма.

— Зразумейце, нам гэта таксама вельмі не падабаецца. Мы туды выязджалі, але мы там нічога не можам зрабіць. Мы таксама абураныя, але там усім займаюцца зусім іншыя людзі. Яны ўсё вырашаюць. Тэлефануйце да памежнікаў, гэта яны ўсё там кантралююць. Мы праўда нічога не можам зрабіць, але мы вельмі абураныя тым, што там адбываецца.