Курдскі парламент вырашыў накіраваць дэлегацыю на беларускую мяжу
Парламент Курдыстана вырашыў даслаць уласную дэлегацыю на беларуска-польскую мяжу. Мэта палітыкаў — расследаваць крызіс, звязаны з тым, што на мяжы захраслі тысячы мігрантаў.

У аўторак спікер курдскага парламента Рэваз Файік выступіў з
загадам сфарміраваць адпаведную дэлегацыю ў хуткім часе і наведаць як Беларусь,
так і Польшчу. Дэлегацыя будзе павінна скласці падрабязную справаздачу па
цяперашняй сітуацыі з мігрантамі і па прычынах, што стаяць за масавай
міграцыяй, піша «Basnews».
Пасля гэтага, як сведчыць дэпутат парламента Чыя Хамід,
курдскі ўрад і парламент зноў сустрэнуцца, каб прааналізаваць вынікі
расследавання і скласці план па барацьбе з крызісам.
Сярод вялікага натоўпу мужчын, жанчын і дзяцей, што зараз знаходзяцца каля беларускай мяжы, — тысячы мігрантаў з Курдыстана. Яны жадаюць прайсці ў ЕС, бо мараць атрымаць там лепшую будучыню. Польшча не пускае да сябе нелегальных мігрантаў. ЕС абвінавачвае Беларусь у тым, што краіна выкарыстоўвае мігрантаў як інструмент гібрыднай атакі ў адказ на санкцыі, якія Брусэль наклаў на Беларусь пасля апошніх выбараў.
Паводле «Нашай Нівы».