ЕС прыпыніў спрошчаныя візавыя правілы для беларускіх чыноўнікаў

Савет ЕС прыпыніў дзеянне пагаднення аб спрашчэнні віз для беларускіх чыноўнікаў. Звычайныя грамадзяне Беларусі і далей змогуць атрымліваць шэнгенскую візу прасцей і танней.

fence_gea6db89e9_1280.jpg


Савет Еўрасаюза прыпыніў дзеянне некаторых пунктаў пагаднення аб спрашчэнні выдачы віз з Беларуссю. Надалей яны не будуць дзейнічаць для беларускіх чыноўнікаў. Гэтае рашэнне, піша dw.com, міністры краін ЕС прынялі на сваім пасяджэнні ў аўторак, 9 лістапада, паведаміла прэс-служба Савета Еўрасаюза.
Спрошчаныя правілы выдачы шэнгенскіх віз не будуць больш распаўсюджвацца, у прыватнасці, на членаў афіцыйных дэлегацый, дэпутатаў парламента і мясцовых саветаў, членаў урада, суддзяў Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў Беларусі. Спрашчэнне складалася ў зніжэнні візавага збору з 80 да 35 еўра, скарачэнні спісу дакументаў, якія трэба падаваць на візу, а таксама ў памяншэнні патрабаванняў для выдачы шматразовых віз. «Гэтае рашэнне не адаб'ецца на звычайных грамадзянах Беларусі, якія і далей змогуць карыстацца перавагамі пагаднення аб спрашчэнні выдачы віз», — падкрэслілі ў прэс-службе.

Арганізацыя Беларуссю транзіту мігрантаў у ЕС

«Мы рашуча асуджаем інструменталізацыю міграцыі беларускім рэжымам. Непрымальна, што Беларусь гуляе жыццямі людзей для дасягнення палітычных мэтаў», — заявіў Алеш Хойс, міністр унутраных спраў Славеніі, якая старшынюе ў гэтым паўгоддзі ў Савеце ЕС. Ён абвінаваціў рэжым у Мінску ў гібрыднай атацы на ЕС.
У прэс-рэлізе адзначаецца, што рашэнне ЕС стала адказам на арганізацыю Беларуссю транзіту мігрантаў у Польшчу, Літву і Латвію, а таксама на рашэнне Мінска прыпыніць пагадненне аб рэадмісіі, якое было ўмовай заключэння пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму. У бліжэйшы час рашэнне апублікуюць у Афіцыйным часопісе ЕС, на наступны дзень пасля гэтага яно ўступіць у сілу.