Алкаеў: Міліцыя з народам не будзе, пакуль яны атрымліваюць заробак, карыстаюцца пэўнымі дабротамі

Палкоўнік міліцыі ў адстаўцы, былы начальнік СІЗА № 1, так званай Валадаркі, Алег Алкаеў у інтэрв'ю Свабодзе тлумачыць, чаму сілавікі будуць надалей выконваць загады і што адбываецца ў турмах. Паводле яго, «можна хоць год па 100 тысяч выходзіць і адчуваць сябе нацыяй», але гэта не паўплывае на людзей у чорным.

445e64e2_cc6c_42e8_acaf_6a5f20b5b20c_w1597_n_r0_st.jpg


ab239b00_0200_476e_a6d2_594ce55f77e3_cx1_cy13_cw99_w1597_n_r1_st.png


Алег Алкаеў. Былы начальнік мінскага СІЗА № 1, аўтар кнігі «Расстрэльная каманда». Мае сярэднюю спецыяльную і вышэйшую адукацыю, палкоўнік унутранай службы. Больш за 30 гадоў працаваў у пенітэнцыярнай сістэме СССР, Казахстану, а з пачатку 1990-х гадоў — Беларусі. У 2001 годзе выступіў з выкрыццямі ў справе аб выкраданні і меркаваным забойстве вядомых беларускіх палітыкаў.
Калі яму стала відавочна, што праваахоўныя органы не маюць намеру рабіць расследаванне, апублікаваў у незалежным друку інтэрв'ю і дакументы. Алег Алкаеў атрымаў у 2002 годзе палітычны прытулак у Нямеччыне.
Глядзіце размову на відэа цалкам.


Пра паліцэйскую краіну


Можа, не ўсім гэта спадабаецца, але я ацэньваю дзейнасць міліцыі цяпер як адэкватную, на іхны погляд, сітуацыі, якая склалася. Цяпер перманентная, працяглая рэвалюцыя — адны стала выходзяць на вуліцу, другі стала іх хапаюць, затрымліваюць. Беларусь — вельмі паліцэйская краіна, напэўна, самая сілавая з усіх еўрапейскіх. Нічога іншага чакаць і не варта. Гэтыя людзі іншай працы не ведаюць, на будоўлі не працавалі, за надоі малака не адказваюць.
Якім чынам яны павінны наводзіць парадак, залежыць ад іх камандзіраў, ад таго, які загад атрымаюць: так і будуць дзейнічаць. З іх адказнасць — як з выканаўцаў, і я б сказаў, невялікая. Яны адказваюць за грамадкі парадак. І хто з іх як разумее грамадкі парадак? Ставяць задачу — ачысціць вуліцу. А якія метады? Іншых у іх няма. Дзякуй Богу, што не страляюць з баявой зброі.

Пра нізкі ўзровень адукацыі міліцыянтаў


На вуліцы міліцыянт павінен быць максімальна пазначаны як супрацоўнік міліцыі — званне, нейкі лэйбл. Я каля 20 гадоў у Беларусі не знаходжуся. У мае часы было так — сяржант ці маёр міліцыі абавязкова называўся. Але яны не самі сабе форму выбіраюць. Якую даюць, такую і надзяваюць, якія каманды даюць, такія і выконваюць.
У нас атрымліваецца так — чым бліжэйшая міліцыя да народу (паставыя, АМАП), тым менш яны адукаваныя. Яны не маюць юрыдычнай адукацыі і не могуць ацаніць адэкватнасць сітуацыі. Яе і ў кабінеце потым цяжка ацаніць. Я ж сам былы следчы. Ты месяцамі справу вядзеш, каб разабрацца, што мае рацыю, а хто вінаваты.
А як разбярэшся на вуліцы? У кожнага свая псіхіка, і супрацоўнікі міліцыі не ўсе з адэкватнай псіхікай, і грамадзяне, магчыма, сябе паводзяць, на погляд міліцыянтаў, правакацыйна. Так пабудаваная гэтая дзяржава.


Пра гонар у прафесіі

Калі я працаваў у сістэме МУС, я ганарыўся сваёй працай, хаця гэтую працу ніхто і не любіць — ані зняволеныя, ані іх родныя. Тым не менш я не хаваў свой статус, абсалютна спакойна хадзіў па горадзе ў форме і бяз формы. Усе ведалі. І за мяжой не хаваў, што я палкоўнік, былы начальнік турмы. Тут я таксама ганарыўся гэтым і ніколі не саромеўся. І нікога не баяўся.
У той час у турме на 90% сядзелі злачынцы з даказанай віной. Цяпер сітуацыя змянілася. Вельмі шмат невінаватых людзей за кратамі. А гэтыя «касманаўты» ў сілу свайго выхавання і адукацыі не ў стане адрозніць рэальнага злачынцу ад узбуджанага чалавека. Асабліва ў цемры на вуліцы. Чалавек руку ў кішэню засунуў, а той думае, што гэта гатоўнасць да нападу, і пачынае сілу ўжываць. Не ведаю, ці бяруць з сабой агнястрэльную зброю. Калі бяруць, то рана ці позна нехта скарыстае яе.

Пра хлопцаў ад сахі

Работніка міліцыі ці паліцыі вучаць на словы не рэагаваць. Як бы цябе ні абражалі, стой моўчкі. А цяпер яны і на словы рэагуюць, і на паходку. Гэта ж усё хлопцы з вуліцы. Нездарма ж у акадэміі чатыры гады вучаць, каб чалавек стаў юрыстам і мог адрозніць правіну ад злачынства. Калі я працаваў, у той час такіх сілаў у нас не было. АМАП быў, але яго прыцягвалі на футбольны матч, на патруляванне, на масавы збор людзей, але яны нікога з вуліцы не хапалі.
Ачапленне выстаўлялі з афіцэраў. У той час афіцэры вельмі неахвотна ішлі, кабінетныя работнікі вельмі не хацелі выходзіць на масавыя мерапрыемствы па выходных, знаходзілі розныя даведкі ад дактароў. Усё ж мусілі хадзіць, але ніхто нікога не затрымліваў. Кабінетны работнік разумеў, што трэба будзе скласці дакумент, за што затрымаў, якая віна, а што крычаў — гэта не злачынства. Крычаў, нават калі нецэнзурна, — гэта правіна, але не злачынства. І сілавыя дзеянні ўжываюцца супраць злачынцаў, але не народу.
Гляджу паведамленні, што 100 тысяч чалавек выйшлі, 300 міліцыя затрымала. Лічыцца як норма. Куды павезлі? За якую віну? І хлопцы ад сахі пачынаюць рапарты пісаць, быццам іх хто абразіў.

Пра перапоўнены ізалятар на Акрэсціна


Ізалятар на Акрэсціна не прыстасаваны для прыёму такой колькасці затрыманых. Колькі спальных месцаў, столькі яны павінны прымаць. Калі натоўп заганяюць, то гэта не затрыманне, не ведаю як гэта назваць. Затрыманне — гэта да 3 гадзінаў у раённым аддзеле, да вызначэння асобы. А калі так натоўпам заганяюць... Хіба што на стадыёны яшчэ не пачалі заганяць.
Паводле закону, калі затрымаў, абавязаны даць спальнае месца, накарміць і забяспечыць, калі патрэбна, медычную дапамогу. А натоўп збіраць? Ні ў якое праўнае поле гэта не ўпісваецца. У ніводным законе вы не знойдзеце, што ў нейкіх дворыках натоўп трымаюць без прыбіральні, вады, ежы. Гэта не затрыманне.


Чаму пабудавалі турму ў Жодзіне

На «Валадарцы» спальных месцаў было 2020 у мой час, але бывала, што і па 4 тысячы сядзелі. Але гэта былі арыштаваныя людзі, іх паводле закону там трымалі, хоць не адпаведна плошчы. Спалі па чарзе, ежай былі забяспечаныя. Таму і Жодзінскую турму пабудавалі, каб разгрузіць мінскі ізалятар.
Гэтыя аб’екты дзеляцца на вартаваныя і невартаваныя. Абʼект пад аховай — гэта ўзброеная ахова. Гэта Жодзіна і мінскі следчы ізалятар. А на Акрэсьціна нагляд ёсць, а аховы няма. Тут ужываць зброю нельга. Гэта затрыманыя людзі, а не арыштаваныя. Толькі да арыштаваных можа зброя ўжывацца. Для гэтага іх трэба трымаць у следчым ізалятары.

Чаму міліцыянты не звальняюцца

Звальняцца будуць адзінкі. Незадаволеныя людзі ў сістэме заўсёды ёсць, і ў часы маёй службы ніхто не хацеў патруляваць масавыя мерапрыемствы, бо іхная праца насамрэч — са злачынцамі змагацца. Людзі не задаволеныя, але кінуць службу, страціць кавалак хлеба — рызыкоўна.
Сістэма даволі трывалая, звязаныя парукай, кругавой ці крывавай. А куды ён пойдзе? Чалавек цалкам залежыць ад МУС, службовае жытло атрымлівае, заробак. Усе гэтыя службы камплектуюцца праз рэгіёны, там не ўсе менчукі. Хіба ён вернецца ў вёску? Кім, куды пойдзе? Яны прывязаныя вельмі моцна. Звальненні — адзінкавыя выпадкі, сістэмай не стануць.
Сёння, на мой погляд, сістэма вельмі моцна трымаецца. Там такія ўнутраныя звязкі... Пра іх я не буду гаварыць, гэта часткова тычыцца і службовай таямніцы. Там не толькі грашыма прывязаныя, яны звязаныя ўчынкамі, агульнай залежнасцю — прафесійнай, ад камандавання, ад сваіх сяброў. Там ёсць паняткі — струсіў, баішся. Для маладых людзей гэта адчувальна. Калі выйшаў, будзеш працаваць. Гэта як гладыятары. Тыя хіба ад любові да спорту выходзілі на рынг? У іх была залежнасць. На бок народу пераходзяць палкáмі, батальёнамі. Пакуль гэтага не будзе.
Міліцыя з народам? Не будзе, пакуль яны атрымліваюць заробак, карыстаюцца пэўнымі дабротамі, сапраўды маюць пэўныя льготы. Іх камплектуюць з сельскай мясцовасці. Яны і маскі носяць, каб не апазналі, бо ўнутрана саромеюцца. У той жа час гэта праца.


Пра перманентную рэвалюцыю

Мірныя пратэсты ўладу моцна раздражняюць, але ўражанне, што ўсе прызвычаіліся і перайшлі ў перманентную рэвалюцыю — людзі выходзяць, «касманаўты» выходзяць, канчатковага выніку няма ад гэтых паходаў на вуліцах. Людзі выходзяць, сваю самасвядомасць мацуюць, годнасць уздымаецца ва ўласных вачах. А ўлада на гэта асабліва цяпер не рэагуе.
Дзяржава, улада жыве сваім жыццём, народ сваім. Трэба б у Канстытуцыі запісаць, што калі 100 разоў выйшлі, то тады — «сыходзь!». Але ўжо больш за 100 разоў выйшлі, кожны дзень выходзяць. Так можна і да Масквы дайсці, па Мінскай шашы прагуляцца...