Амаль 60 тысяч замежнікаў наведалі Беларусь, скарыстаўшыся 30-дзённым бязвізам
Па дадзеных Дзяржпамежкамітэта, з 25 ліпеня па 31 снежня мінулага года праз нацыянальны аэрапорт Мінск уезд аформілі 58 106 замежных грамадзян.
«Гэта не толькі турысты. Часцей за ўсё нашу краіну наведваюць жыхары Германіі, ЗША і Італіі. Павелічэнне тэрміну бязвіза ў Беларусі накіравана на развіццё турыстычнай галіны. Таксама гэта стала адным з немалаважных фактараў садзейнічання развіццю эканомікі краіны і ўзмацніла пазіцыю як зручнай пляцоўкі для арганізацыі міжнародных форумаў, канферэнцый і спартыўных спаборніцтваў», — адзначылі ў камітэце.
Бязвізавы рэжым для грамадзян і падданых 80 дзяржаў быў уведзены 12 лютага 2017 года. Тыя, хто прыбываў праз мінскі аэрапорт, мелі права знаходзіцца ў краіне без візы пяць сутак. 24 ліпеня 2018 года гэты тэрмін быў павялічаны да 30 дзён.
Паводле naviny.by