Amnesty International заклікала да вызвалення беларускіх працоўных, якія падтрымалі страйк
«Мы з шокам і трывогай бачым, як гэты рэжым, які на працягу некалькіх тыдняў звяртаўся да гвалту ў дачыненні да дэманстрантаў на вуліцах і ў месцах утрымання пад вартай, сёння накіраваў АМАП у масках для збіцця і арышту бастуючых працоўных прама на іх працоўных месцах».

Крыніца фота: eurasia.amnesty.org
У адказ на новыя акты гвалту з боку міліцыі ў Беларусі і затрыманне соцень чалавек падчас мірных пратэстаў 25 кастрычніка і з пачаткам сённяшняй агульнанацыянальнай забастоўкі Дзяніс Крывашэеў, выканаўца абавязкаў дырэктара Amnesty International па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі, заявіў:
«У адказ на ўдушэнне ўрадам Лукашэнкі мірных пратэстаў лідары апазіцыі заклікалі да пачатку агульнанацыянальнай забастоўкі. Мы з шокам і трывогай бачым, як гэты рэжым, які на працягу некалькіх тыдняў звяртаўся да гвалту ў дачыненні да дэманстрантаў на вуліцах і ў месцах утрымання пад вартай, сёння накіраваў АМАП у масках для збіцця і арышту бастуючых працоўных прама на іх працоўных месцах. Улады праяўляюць адкрытае грэбаванне да самых асноўных правоў чалавека, і права на страйк стала яшчэ адным, якое было бязлітасна патаптана пры дапамозе міліцэйскіх чаравікаў і дубінак».
«Толькі ўчора светлашумавыя гранаты і гумовыя кулі зноў былі выпушчаныя прама па мірных пратэстоўцаў з блізкай адлегласці. Пратэстоўцаў, што ўцякалі, пераследавалі, па іх стралялі і іх збівалі. Ёсць шакіруючыя кадры, як АМАП урываецца ў прыватную кватэру і збівае тых, хто знаходзяцца ў ёй. Супрацоўнікі праваахоўных органаў цалкам адмовіліся ад сваёй клятвы абараняць суграмадзян і атрымалі поўную свабоду дзеянняў ва ўжыванні да іх невыбарчага гвалту і масавых адвольных арыштаў», — указаў ён.
«Урад Беларусі павінен неадкладна пакласці канец міліцэйскаму гвалту ў дачыненні да мірных дэманстрантаў. Улады павінны неадкладна і безумоўна вызваліць усіх арыштаваных і прыцягнутых да адміністрацыйнай або крымінальнай адказнасці толькі за спробу рэалізаваць свае правы на свабоду выказвання меркаванняў і мірных сходаў, а таксама іх права на стварэнне незалежных асацыяцый і на забастоўкі», — дадаў Крывашэеў.
26 кастрычніка працаўнікі «Гродна Азота», аднаго з вядучых хімічных прадпрыемстваў Беларусі, былі затрыманыя, калі збіраліся далучыцца да страйку. Міліцыя пачала іх арыштоўваць яшчэ ў 7 раніцы. Па дадзеных праваабарончага цэнтра "Вясна", у сувязі з забастоўкай арыштавана больш за 100 чалавек.
25 кастрычніка міліцыя ўжыла гумовыя кулі і святлошумавыя гранаты падчас мірнага мітынгу ў Мінску, у якім удзельнічала больш за 100 тысяч чалавек. Па падліках "Вясны", у Мінску і іншых гарадах Беларусі за ўдзел у мірных мітынгах затрымалі больш за 300 чалавек.