Анархісты: "Усім раты не заткняце!"

Абвінавачаныя па “справе анархістаў адпраўлены за краты на працяглы час зняволення. Найбольшы тэрмін атрымаў Ігар Аліневіч — 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.



5b0fa0e4c041548bb6289e15d865a696.jpg

Абвінавачаныя па “справе анархістаў адпраўлены за краты на працяглы час зняволення. Найбольшы тэрмін атрымаў Ігар Аліневіч — 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.


Мікалай Дзядок асуджаны на 4,5 гады і Аляксандар Францкевіч — на 3 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Максім Веткін і Яўген Сілівончык — на абмежаванне волі: 4 і 1,5 года адпаведна (гэтак званая “хімія). Таксама з усіх іх будзе спагнана 100 мільёнаў рублёў пакрыцця матэрыяльнай шкоды (рознымі долямі). Такі прысуд агучыла 27 мая суддзя Жана Хвайніцкая ў Заводскім судзе Мінска.


Маладым людзям выставілі абвінавачанні ў закідванні бутэлькамі з запальнай сумессю тэрыторыі амбасады Расіі ў Мінску і турмы на вуліцы Акрэсціна ў 2010 годзе. А таксама ў правядзенні несанкцыянаванай антываеннай акцыі каля будынка Міністэрства абароны ў 2009 годзе. Інкрымінуецца і шэраг нападаў на іншыя будынкі. Закідванне фаераў у казіно "Шангры Ла" і будынак Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, падпал дзвярэй філіяла «Беларусбанка», разбіццё шкла ў апорным пункце міліцыі ў Салігорску. Дзяржаўным абвінаваўцам на працэсе выступаў пракурор Артур Мірошнік.


Дзяўчына Мікалая Дзядка, Лера, адзначыла: “Відавочна, што спецслужбы выбралі па наводцы ці неяк па-іншаму канкрэтна гэтых маладых людзей. І вырашылі зрабіць з іх самых галоўных, арганізатараў анархісцкага руху. Хаця ўсё гэта на працэсе разляцелася. Мы бачылі на судзе, што прыходзілі людзі, якія казалі пра свой удзел у акцыях анархістаў, што кідалі фаеры. Але яны праходзілі толькі сведкамі.


Бацька асуджанага Аляксандр Дзядок, былы суддзя, заявіў, што віна абвінавачаных не была даказаная. І што яго сына агаварылі пад ціскам следства. На працэсе некалькі сведак змянілі паказанні і паведамілі, што падчас следства ім пагражалі, каб яны далі паказанні супраць абвінавачаных.


Аляксандр Францкевіч паведаміў, што падчас следства яму прапаноўвалі агаварыць Дзядка. А калі ён адмовіўся, то яго вырашылі пасадзіць.


Францкевіч лічыць, што суд над анархістамі праходзіць у адным шэрагу з працэсамі над удзельнікамі акцыі 19 снежня. І прызначаны запужаць актывістаў анархісцкага руху.


Ігар Аліневіч сказаў, што ў Беларусі без падстаў можа быць абвінавачаны кожны анархіст, удзельнік руху ці толькі спачуваючы. І пазбавіцца свабоды таксама, як і ён, то бок ні за што.


Мікалай Дзядок падзякаваў родным і сябрам за падтрымку. «Не лічу неабходным даказваць сваю невінаватасць. Лічу, што яна была даказана падчас следства», — сказаў ён. І заявіў: «Я звяртаюся да карных органаў: усім вы раты не заткняце, усіх не перасаджаеце!»