Андрэй Бастунец: Крымінальныя справы – гэта ўжо праз край
Усім відавочна, што журналісты проста выконвалі свае прафесійныя абавязкі, і ні пра які крымінальны пераслед гаворка наогул не павінна ісці, сказаў кіраўнік БАЖ пра суды над незалежнымі журналістамі.
![bastunets_baj_9_zezd_833x400.jpg bastunets_baj_9_zezd_833x400.jpg](/img/v1/images/bastunets_baj_9_zezd_833x400.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Кіраўнік Беларускай асацыяцыі
журналістаў Андрэй Бастунец пракаментаваў «Радыё Рацыя» апошнія факты ціску на
незалежных журналістаў.
Нагадаем, што працягваецца судовы працэс над журналісткамі
тэлеканала “Белсат” Дар’яй Чульцовай і Кацярынай Андрэевай. Хутка пачнецца суд
над журналісткай TUT.BY Кацярынай Барысевіч. За кратамі знаходзяцца многія
іншыя прадстаўнікі СМІ, некаторых штрафуюць і адпраўляюць на “суткі”.
Андрэй Бастунец адзначыў:
— І справа журналістак “Белсата”, і справа Кацярыны Барысевіч маюць да крыміналу вельмі ўскоснае дачыненне, і толькі таму, што выкарыстоўваюцца юрыдычныя механізмы. Хаця ўсім відавочна, што дзяўчаты проста выконвалі свае прафесійныя абавязкі, і ні пра які крымінальны пераслед гаворка наогул не павінна ісці.
У горшым выпадку, можна было б казаць пра завядзенне адміністрацыйнага працэсу, але крымінальныя справы — гэта ўжо праз край.
— Журналісты ў Беларусі трапляюць пад крымінальны пераслед не першы раз.
— Так, гэта доўжыцца на працягу ўсяго існавання незалежнай Беларусі, але, відаць, ніколі маштаб рэпрэсій у дачыненні да незалежных СМІ не набываў такі масавы характар.
— На ваш погляд, які прысуд можа быць вынесены журналісткам?
— Нельга нічога спрагназаваць, бо тут
усё залежыць ад таго, які будзе загад зверху. Я вельмі хацеў бы, каб нашы
калегі былі як мага хутчэй на волі, але не ведаю, наколькі гэта магчыма ў
сучаснай Беларусі пры сённяшнім рэжыме.