Андрэй Мядзведзеў: «Мая мэта была выйсці адтуль і рабіць тое, што мушу як сумленны чалавек»

Журналіст расказаў пра тое, як з'ехаў з Беларусі.

15109578_1802536493327259_2029372083219293806_n.jpg

Андрэй Мядзведзеў, рэчыцкі журналіст, распавядае ў Фэйсбуку аб сваім ад'ездзе з Беларусі.
Калі пачалася абвешчаная ўладамі “зачыстка”, Андрэй вырашыў не чакаць, калі яго пазбавяць сродкаў працы. Але і класціся на дно не выпадала – трэба было працаваць, трэба было асвятляць жудасныя рэпрэсіі, якія паглынаюць усё больш і больш людзей, трэба было дапамагаць людзям. Журналіст з’ехаў з Рэчыцы ў Каленкавічы, у кватэру, у якой прайшло дзяцінства і якая ужо 5 гадоў пуставала, адтуль наведваў суды ў розных гарадах палескага рэгіёна, рабіў рэпартажы і іншую сваю працу.
«12 ліпеня мне пачаў настойліва, па некалькі разоў на дзень, званіць оперупаўнаважаны аддзела крымінальнага вышуку Рэчыцкага РАУС. Гэта цягнулася некалькі дзён. Чамусьці мне такая настойлівасць у цяперашніх варунках падалася падазронаю, таму я слухаўку не здымаў. Тым больш, што за тыдзень да таго я як раз быў на апытанні ў гэтага супрацоўніка ў справе вышуку колішняга наведніка курсаў Мова Нанова, якога міліцыя абвінавачвае ў злачынстве. Я яго ўжо паўтара года не бачыў і не чуў пра яго нічога, аб чым і паведаміў аператыўніку. Падставаў шукаць мяне наноў у гэтай справе я не бачыў і лічу ягоныя званкі спробай затрымаць мяне ў палітычна матываванай справе», — распавядае Андрэй.
А 16 ліпеня раніцай у каленкавіцкую кватэру ўварваліся супрацоўнікі КДБ. Андрэю прад’явілі пастанову на ператрус у межах нейкай невядомай справы паводле артыкула 289 “Акт тэрарызму”. Падчас ператрусу знайшлі і забралі ноўтбук, тэлефон і тэчку з квіткамі з паездак на грамадскім транспарце, якія некаторыя рэдакцыі часам кампенсуюць. Проста пры панятых (добрых суседзях, якія нават спрачаліся з сілавікамі) нібыта старшы ў групе патрабаваў назваць пароль ад тэлефона. Калі журналіст адмовіўся, прагучала фраза “Ну нічыво! Патом назавёш!”
«Пасля ператрусу яны “запакавалі” мяне ў сваю чорную Джылі і павезлі ў Рэчыцу. Прывезлі ў тамтэйшы аддзел КДБ. Зноў патрабаванне назваць пароль ад тэлефона. Зноў адмовіўся. Тады яны вырашылі спачатку звазіць мяне на ператрус у маю рэчыцкую кватэру. Там ужо “все украдено до нас” – яшчэ не вярнулі забранае падчас ператрусу 16 лютага. Таму, нічога асабліва падазронага не знайшоўшы, гэбісты вырашылі забраць налепкі, якія колісь можна было дарэмна браць у краме Symbal.by. Я іх дарыў на курсах Мова Нанова пераможцам некаторых невялікіх конкурсікаў у якасці прызоў. А служкі д’ябла на іх убачылі “незарігістріраваную сімволіку”» — працягвае дзяліцца сваімі прыгодамі Андрэй.
Пасля ператрусу журналіст знаходзіўся ў Рэчыцкім міжрайаддзеле КДБ. З ім правялі два допыты: адзін – пра суполкі “ОГСБ” і “Буслы ляцяць”. Опер, які дапытваў, зачытваў з захаванага ў кампутары пратакола папярэдняга допыту адказы кагосьці, каго дапытвалі напярэдадні, і казаў “Так пайдзёт?”. Другі допыт адбыўся пасля таго, як адзін з супрацоўнікаў дамогсяпароля ад тэлефона «з выкарыстаннем метадаў, якімі гэтая кантора славіцца яшчэ з часоў “жалезнага Фелікса”», піша журналіст. Прысвечаны другі допыт быў аднаму яго земляку і даўняму сябру, калегу па працы ў лясгасе, які з-за палітычнага пераследу мусіў уцячы з краіны яшчэ ўвосень.
«У тэлефоне акрамя падпісак на “экстрэмісцкія” каналы нічога крымінальнага не знайшлі. Але, калі мяне пасля допыту прывялі ў кабінет начальніка аддзела, ён пачаў пагрозамі адправіць мяне ў СІЗА (прычым, чамусьці, аж у Магілёў – у Гомелі ўжо што, месцаў няма?) патрабаваць выканаць дзве ўмовы вызвалення. Адну ўмову многія, мяркую, бачылі – відэа, дзе я на эпічнай трасянцы спрабую паўтарыць сказанае гэбістам традыцыйнае аб тым, што “паддаўся тлетворнаму ўліянію дзіструкціўных ціліграм-каналаў”. Другая ўмова – падпісаць паперу аб супрацоўніцтве. Натуральна, супрацоўнічаць з гэтай канторай я ніколі не збіраўся і не збіраюся. І менавіта гэтая ўмова стала чыннікам, які канчаткова падштурхнуў мяне да рашэння з’язджаць з краіны, пакуль мне не задалі “стучаць” на кагосьці з сяброў альбо зноўку не загрэблі ў свае лапы. Хачу, каб усе ведалі – я тую паперку падпісаў, але без аніякіх намераў выконваць! Бо мая мэта была выйсці адтуль, калі быў такі шанец, і рабіць тое, што я мушу рабіць, як сумленны чалавек. А паперчына тая наўрад ці мае нейкі юрыдычны моц. Для мяне, прынамсі, дакладна не мае. Спадзяўся, што людзі, якія ўяўляюць, што такое трапіць у кіпцюры гэтых структураў, зразумеюць мой крок. І сапраўды, як толькі відэа і паперка з’явіліся ў руках гэб’я, яны мяне выпусцілі.
Ужо праз дзень я пакідаў сваю краіну. Я не буду апісваць доўгі шлях, які не абыйшоўся без прыгодаў. Скажу толькі, што цяпер я ў адносна бяспечным месцы (улічваючы, метады працы прыспешнікаў таталітарных рэжымаў, пра поўную бяспеку наўрад ці можна казаць хоць у якім-кольвечы пункце свету).
Рэчыцкія гэбэшнікі былі настолькі ашалелыя ад наяўнасці ў маім тэлефоне Тэлеграма, што пра ўсе астатнія сеткі і сайты забыліся. Яны прымусілі выдаліць канал і чат “Палеская Вясна” ў Тэлеграме. Дакладней, выдаляў, “тыкая пальцамі в эці айфоны-плафоны”, асабіста начальнік аддзела. А я быў рады, што ён выдаляе, бо бачыў, што на той момант, а было ўжо недзе каля 17-й гадзіны, мяне яшчэ не выдалілі з некаторых чатаў, якія не варта было б бачыць гэб’ю. Лічыў гэта знакам для іншых, што ўсё не вельмі добра. І, варта адзначыць, што ён спрацаваў.
Я трымаўся да апошняга, хаця ўжо некалькі месяцаў мне многія казалі, каб з’язджаў. Але тыя акалічнасці, якія з’явіліся пасля гэтага затрымання, не пакідаюць мне магчымасцяў пакуль жыць у Беларусі.
Але я працягну рабіць сваю працу – казаць людзям праўду пра тое, што адбываецца ў нашым рэгіёне. Чытайце мяне на сайце “Палеская Вясна” (palesse.press), які працягвае сваю працу, глядзіце і чытайце ў іншых незалежных медыях! І паведамляйце мне пра тое, што адбываецца ў нашых гарадах і вёсках, якія ёсць праблемы ў нашых людзей. Я і надалей працягну пашыраць сярод беларусаў любоў да нашай роднай беларускай мовы і веданне яе! Мы яшчэ абавязкова сустрэнемся!»