Апеляцыю Міколы Статкевіча разгледзяць у ВС — праз два гады пасля затрымання палітыка

Апеляцыю Міколы Статкевіча разгледзяць у Вярхоўным судзе, гэта здарыцца роўна праз два гады пасля затрымання палітыка.

statkevicz_logo_1.jpg

Роўна праз два гады пасля гвалтоўнага выкрадання, на 31 траўня, прызначана дата разгляду апеляцыі Міколы Статкевіча ў Вярхоўным судзе.

Пра гэта паведаміла Марына Адамовіч, жонка палітыка.

Што і казаць, выпадак, які можа трапіць у Кнігу рэкордаў Гінеса. Гэта ж падумаць: два гады спатрэбіліся асобам у мантыях, каб нарэшце прызначыць дату разгляду апеляцыйнай заявы спадара Статкевіча.

Нагадаем: Міколу Статкевіча затрымалі яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў, 31 траўня 2020 года, па дарозе на Камароўскі рынак у Мінску, дзе ён збіраўся наведаць выбарчы пікет Святланы Ціханоўскай. Спачатку яго асудзілі на 15 сутак, потым яшчэ на 15 сутак, а пасля распачалі крымінальную справу.

У снежні мінулага года суд, які праходзіў у закрытым рэжыме на тэрыторыі СІЗА, прыгаварыў Статкевіча да 14 гадоў пазбаўлення волі. Разам з ім судзілі Сяргея Ціханоўскага (18 гадоў калоніі), блогера Ігара Лосіка (15 гадоў), сябра ініцыятыўнай групы па вылучэнні Святланы Ціханоўскай на прэзідэнцкія выбары Арцёма Сакава (16 гадоў), мадэратара сацсетак праекта «Краіна для жыцця» Дзмітрыя Папова (16 гадоў) і блогера Уладзіміра Цыгановіча (15 гадоў калоніі).

Міколу Статкевіча зараз утрымліваюць у СІЗА Гомеля.

ЛІСТЫ НА ВОЛЮ

Хвалюючыя думкі палітвязня

Паводле слоў спадарыні Марыны Адамовіч, лісты ад Мікалая ідуць няроўна, іншы раз — «пачкамі». І, канешне, апошнім часам Статкевіч шмат разважае пра падзеі ва Украіне.

13.03.2022

«Безумоўна, з галавы не ідзе Украіна. Столькі гора, смерцяў і пакут мірных людзей! І, відавочна нечаканы для агрэсара, масавы і жорсткі супраціў украінцаў. Узнікае пытанне: чаму ў Крамлі так фатальна памыліліся ў ацэнках настрояў украінцаў і ўстойлівасці ўкраінскай дзяржавы? Для нас, тых, хто хоць зрэдку бываў ва Украіне, яе гатоўнасць бараніць сваю незалежнасць была відавочнай.

Думаю, што прычынай стратэгічнай памылкі Крамля ў ацэнцы Украіны стала яго антыўкраінская прапаганда. Настолькі захапіліся гэтай справай, што пачалі самі верыць сваім прыдумкам.

Такое ўсюды бывае. Напрыклад, я дасюль выпісваў газету, якая цалкам скіравана на хацелкі аднаго чытача. Прычым на шкоду самой газеце, яе папулярнасці нават сярод пастаяннай аўдыторыі […].

Безумоўна, вельмі турбуе пагроза наўпроставага ўдзелу беларускіх вайскоўцаў у агрэсіі супраць Украіны. Некалі мне прыйшлося ахвяраваць вайсковай і навуковай кар’ерай, каб нашых салдат не пасылалі ваяваць куды-небудзь у гарачыя кропкі, напрыклад, на Каўказ ці ў Сярэднюю Азію. Але тады мне і ў кашмарным сне не магло прысніцца, што іх могуць адправіць ваяваць з братнім народам».

23.03.2022

«Ад падзей ва Украіне шмат што будзе залежаць для будучыні і Беларусі, і Еўропы. Ды і ўсяго свету.

Патрабаванні Масквы робяцца ўсё больш сціплымі. Гэта зразумела: ад пачатку яе агрэсія не мела ніякіх прававых і маральных апраўданняў. Самі анексіяй Крыма і Усходняга Данбаса штурхнулі Украіну шукаць абароны ў NATO, а потым скарысталі гэта як нагоду для нападу. Чыстае "права сілы". Ну а зараз Захад будзе разбураць эканоміку Расіі. Калі ж вайна і жахлівыя забойствы мірных людзей працягнуцца, то можа дайсці і да эканамічнай вайны.

Вынік такой вайны прадвызначаны. Эканоміка РФ складае два з нечым працэнты ад сусветнай. Ну і яшчэ плюс нашы 0,15 працэнта. Эканоміка ж калектыўнага Захаду (разам з Японіяй, Канадай, Аўстраліяй) — каля паловы сусветнага ВУП. Безумоўна, на эканамічнай вайне фінансавыя страты нясуць абодва бакі канфлікту. Але, як кажуць у нас, пакуль тоўсты ссохне, худы здохне. Тым болей, што эканоміка РФ цалкам залежная ад экспарту нафты і газу. Яго асноўны спажывец — ЕС. Калі там адмовяцца атрымліваць расійскі газ, то перакінуць вызваленыя аб’ёмы на іншыя рынкі будзе немагчыма. Бо для гэтага трэба будаваць газаправоды. Акрамя еўрапейскіх, яны яшчэ ёсць у Турцыю ("Турэцкі паток") і Кітай ("Сіла Сібіры"). Магчымыя аб’ёмы экспарту па іх, нават калі Турцыя не ўвядзе санкцыі па газе, яўна недастатковыя. Ды яшчэ […] рабіцца сыравінным дадаткам Кітая для РФ вельмі небяспечна. Бо Кітай мае працяглую мяжу з Расіяй і яўна чакае аслаблення (у тым ліку — дэмаграфічнага), каб далучыць тэрыторыі за мяжой.

Запамятаў — у РФ ёсць магутнасці па звадкаванні газу на Далёкім Усходзе, але невялікія. І яшчэ: расійскі газ — прыкладна 9 працэнтаў агульнага энергабалансу ЕС.

Ну, гэта ўсе разважанні. А пакуль вайна ідзе, пакутуюць і гінуць людзі. І гэтаму няма апраўдання».

30.03.2022

«Наконт ультыматуму ў Марыупалі, каб украінскія вайскоўцы здаліся і тады ў горад прапусцяць гуманітарную дапамогу. Відавочная мэта гэтага — выклікаць калі не бунты жыхароў горада супраць сваіх вайскоўцаў, то хаця б публічнае абурэнне імі. У Маскве ўпарта не хочуць прызнаць факт, што Расія ваюе не з "нацыстамі-бандэраўцамі", а з Украінай і яе народам».

03.04.2022

У мяне ўражанне, што яны так ірвуцца да Адэсы, бо спадзяюцца знайсці там істотную колькасць "удзячных украінцаў". Асабліва з улікам трагічных падзей, якія там адбыліся 8 гадоў таму. На мой погляд — дарэмнае спадзяванне. Нават прыхільнікам "русского мира" не падабаюцца бомбы з неба. Да таго ж, і 8 гадоў таму яны былі ў Адэсе ў меншасці. А што ўжо зараз казаць!

Недзе ў сярэдзіне восені 2013 года ў Магілёўскай турме ў расійскім часопісе "The Times" я прачытаў вялікае сацыялагічнае даследаванне пра стаўленне ўкраінцаў да інтэграцыі ў ЕС. Ва ўсіх рэгіёнах прыхільнікі еўраінтэграцыі перавышалі (у Адэсе вельмі выразна). За выключэннем Крыма і Усходняга Данбаса, дзе сітуацыя была выразна супрацьлеглай. Гэтае апытанне было зроблена яшчэ да Еўрамайдана, да "зялёных чалавечкаў". Па сутнасці, Расія "адгрызла" тое, што само было гатова да гэтага. А на іншыя кавалкі ёй было б лепей і не замахвацца.

Тое, што Украіна здолела адбіць […] свае гарады ў розных рэгіёнах, сведчыць пра здольнасць яе войска канцэнтраваць сілы для правядзення лакальных наступленняў і пра высокі баявы дух салдат. А мажліва, яшчэ і пра канцэнтрацыю расійскіх войскаў на іншых напрамках.

[…] Вельмі ўражвае трагедыя мірных жыхароў Марыупаля».

06.04.2022

«Тое, што расійскія войскі адступілі ад Кіева, зразумела. Дэсантныя войскі разлічаны на хуткія аперацыі, а не на пазіцыйную вайну. А авантура з «"бліц-крыгам" правалілася. Лініі забеспячэння з Беларусі апынуліся пад рызыкай ўдару з боку Жытоміра. Да таго ж, з’яўленне лісця на дрэвах зрабіла б больш лёгкай працу дыверсійных груп на гэтых лініях. Узнікла пагроза ізаляцыі і знішчэння расійскай групоўкі пад Кіевам.

Мне здаецца, што зараз Масква шукае магчымасці сысці з захопленых украінскіх тэрыторый, "захаваўшы твар". Для гэтага ім патрэбна хоць нейкая саступка Кіева, якую можна было б аб’явіць "вялікай перамогай"».

10.04.2022

«Чытаў патрабаванні "тутэйшых" далучыць іх да перамоў у Стамбуле. Гэта не варта абмеркавання. Але падумаў, што Кіеў у адказ на патрабаванні Масквы зрабіць Украіну нейтральнай дзяржавай мог бы вылучыць такое ж патрабаванне па Беларусі. Бо да ўкраінскай сталіцы занадта блізка ад нашай мяжы.

Гэта было б важна і для бяспекі ў Еўропе ды свеце, бо паміж NATO і РФ на найбольш небяспечных кірунках узнік бы нейтральны пояс. Нас бы гэта не толькі гарантавала ад уцягвання ў войны, але і давала б гарантыі для захавання незалежнасці. Праўда, не думаю, што перспектыва застацца сам-насам з удзячным народам узрадуе тутэйшую ўладу».

17.04.2022

«Відавочна, што Украінская дзяржава здолела вырашыць грунтоўную задачу — выхаванне нацыі. Калі казаць карацей, то настаўнікі ўкраінскай мовы і гісторыі свае задачы збольшага вырашылі. Бо менавіта нацыянальная мова і нацыянальная версія ўласнай гісторыі фарміруюць патрыятызм. І ўкраінскі патрыятызм апынуўся дастаткова масавым і моцным, каб пераадолець распад дзяржавы і арміі ў 2014 годзе, каб спыніць расійскі напад зараз.

Безумоўна, патрыятычныя пачуцці не ва ўсіх украінцаў аднолькава моцныя. Але відавочна, што менавіта ўкраінскі патрыятызм зрабіўся глыбокім перакананнем той часткі ўкраінскага грамадства, якая здольная ўспрымаць патрыятызм як матывацыю да самаахвярных дзеянняў. Найперш гэта асобы з моцна выяўленым родавым пачуццём высокай годнасці і элементамі рамантызму. Такіх людзей у грамадстве не вельмі вялікі адсотак, але яны складаюць ядро супраціву ў выпадку пагрозы іх нацыі. А ад наяўнасці такіх людзей залежыць стойкасць вайсковых падраздзяленняў падчас бою. Бо іх апантанасць натхняе, іх прысутнасць надае ўпэўненасці кожнаму салдату ў гэтым падраздзяленні, што ён не застанецца адзін супраць ворага.

Я ўжо цытаваў гэтую фразу Чэрчыля: "Нацыянальная мова і гісторыя абараняюць дзяржаву лепей, чым любое войска". Магу толькі дадаць, што палітыка звужэння сфер прымянення нацыянальнай мовы, замоўчванне нацыянальнай гісторыі — гэта палітыка дзяржаўнай здрады. Заўсёды так лічыў».

 «Народная Воля»