"Архэ" зноў не перарэгістравалі, часопіс не выходзіць ад лета 2012-га
Міністэрства інфармацыі паведаміла, што рэдакцыя часопіса падала дакументы з парушэннем.
У мінулым годзе чыноўнікаў не задаволіла кваліфікацыя галоўнага рэдактара Аляксандра Пашкевіча (у яго не было 5-гадовага стажу працы на кіраўнічых пасадах гэтага профілю). Цяпер жа пытанні ўзніклі да працэдуры падачы дакументаў на перарэгістрацыю. У Міністэрства інфармацыі іх падавалі па даверанасці дырэктара і спачатку пярэчанняў не было.
Вось што распавёў Еўрарадыё Аляксандр Пашкевіч:
— Гэта фармальная падстава, якая хутчэй за ўсё надуманая. Бо калі б сапраўды было парушэнне, яны не мусілі б увогуле прымаць дакументы. Але яны нічога не сказалі, месяц пачакалі, а цяпер заявілі...
Цяпер ён чакае пісьмовага адказу з Мінінфармацыі, пасля атрымання якога будзе прынятае рашэнне аб далейшых дзеяннях.
Нагадаем, у верасні 2012 года ў Гродне на прэзентацыі "Архэ" падаткавікі здзейснілі кантрольную закупку друкаванай прадукцыі, на якую не было адпаведных дакументаў. Валер Булгакаў быў аштрафаваны за "незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць" на 500 тысяч рублёў. У яго канфіскавалі 200 часопісаў і кніг, а таксама прыбытак ад продажу часопіса на агульную суму 875 тысяч рублёў. Дэпартамент фінансавых расследаванняў арыштаваў рахунак часопіса "Arche". У кастрычніку стала вядома, што праваахоўнікі забралі ў Лагойскім раёне больш за 5 тысяч кніг і асобнікаў часопіса "Архэ". Іх адправілі на паўторную экспертызу, узнікла пагроза крымінальнай справы. Пасля гэтага Булгакаў з'ехаў з краіны, а выконваць абавязкі галоўнага рэдактара стаў гісторык Аляксандр Пашкевіч.