Аршанскага актывіста выклікалі ў міліцыю на ноч
Напярэдадні аршанскага «Маршу недармаедаў» (які, магчыма, стане першай у горадзе маштабнай акцыяй пратэсту за 16 год), каля 22-й гадзіны 11-га сакавіка актывісту Ігару Грышанаву патэлефанаваў чалавек, які назваўся супрацоўнікам міліцыі. Грышанава папрасілі неадкладна прывезці дакументы, якія тычацца стварэння газавага кааператыва.

Ігар Грышанаў
Актывіст, былы старэйшына вёскі Стаўры Аршанскага раёну, Грышанаў насамрэч узначальвае газавы кааператыў, аднак просьба зьявіцца ў пастарунак пад ноч яго здзівіла: ён пацікавіўся асобай міліцыянта і высветліў, што тэлефанаваў супрацоўнік Аршанскага РАУС Максім Забела. Той патлумачыў, што ў яго начное дзяжурства, і яму вельмі зручна прымаць грамадзян у такі позні час. У якасці альтэрнатывы міліцыянт прапанаваў актывісту прывезці дакумэнты а 7-й раніцы.
Гэткія метады працы абурылі Грышанава:
«Я пішу заяву ў пракуратуру! Ці гэта нармальна – тэлефанаваць ноччу, ды яшчэ ў выходныя, з суботы на нядзелю, каб я кудысьці нешта адвозіў?»
«Звышпільнасьць» прадстаўніка праваахоўных органаў абурыла актывіста яшчэ і таму, што днямі ён меў негатыўны досвед зносінаў з міліцыяй з нагоды рабаўніцтва на сваёй аграсядзібе «Пуцяціна»:
«Нехта ўлез да мяне а 4-й раніцы і скраў рэчы, не кажучы ўжо пра вэрхал, што быў утвораны ў маім хатнім музеі. Аднак міліцыя з'явілася толькі а 16-й дня, хаця я выклікаў яе раніцай. І тое прыехалі пасля таго, як я паскардзіўся на «гарачую лінію» ў Віцебск, што мой выклік ігнаруюць… Шукалі адбіткі пальцаў дзве гадзіны, а потым заявілі, што пры такім надвор’і — а ў музеі няма сталага ацяплення — ніякія адбіткі захавацца не маглі. І тут раптам — такая прага дзейнасці ў міліцыі, што я мушу ехаць да іх проста ноччу!»
Грышанаў вырашыў, што без позвы, па тэлефонным званку ехаць да міліцыянта няма сэнсу: справа з газыфікацыяй не настолькі тэрміновая, каб не пачакаць да панядзелка. Сёння а 13-й дня ў Воршы абвешчаны «Марш недармаедаў» — актывіст не выключае, што міліцыя проста шукае нагодаў, каб яго затрымаць.
Паводле svaboda.org