Артыст камернага хору і журналіст атрымалі па 15 сутак кожны
Артыст камернага хору Дзяніс Іваноў атрымаў 15 сутак па артыкуле аб непадпарадкаванні. Журналіст Дзмітрый Руто асуджаны да такога ж тэрміну.
Іванова затрымалі ўчора на працоўным месцы, ноч ён правёў у ізалятары, нагадвае TUT.BY.
Раней Іванова ўжо затрымлівалі разам з ягонымі калегамі — таксама ў будынку філармоніі. Тады, у лістападзе, ім прысудзілі 15 сутак арышту па артыкуле «дробнае хуліганства». Потым яго затрымалі на працоўным месцы 25 студзеня. Дзяніса забралі на допыт, а потым ён знайшоўся ў спісах ІЧУ на Акрэсціна. 31 студзеня ён выйшаў на волю.
Журналіст Дзмітрый Руто атрымаў 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Міліцыя ўбачыла ў яго машыне бел-чырвона-белы шалік.
Раней заўзятараў з такімі шалікамі можна было ўбачыць ледзь не на кожным матчы нацыянальнай каманды. У падобным шаліку падтрымліваў зборную намеснік старшыні АБФФ Міхаіл Ботнікаў — той самы, які раней працаваў у ахове Лукашэнкі.