Журналіста «Трыбуны» затрымалі за шалік. Падобныя носяць заўзятары зборнай і нават кіраўніцтва БФФ (абноўлена)
1 чэрвеня каля 9 раніцы на тэлефон журналісту Дзмітрыю Руто патэлефанавалі — невядомы папрасіў адагнаць аўтамабіль, прыпаркаваны ў двары. Выйшаўшы на вуліцу, Руто ўбачыў каля машыны міліцыянтаў у форме. Тыя паведамілі, што паступіў званок у міліцыю са скаргай ад неабыякавых грамадзян на футбольны шалік ў аўтамабілі, піша «Трыбуна».
Шалік выглядае так. Яшчэ нядаўна падобная атрыбутыка
знаходзілася ў вольным продажы і карысталася папулярнасцю ў заўзятараў зборнай
Беларусі па футболе.
Раней заўзятараў з такімі шалікамі можна было ўбачыць ледзь
не на кожным матчы нацкаманды.
Руто працуе на «Трыбуне» з восені 2019 года.
Спецыялізацыя — футбол. Ён не раз пісаў пра матчы зборнай. Не дзіўна, што ў яго ёсць шалік заўзятара каманды. Як даўно ён ляжыць у машыне, невядома.
Характэрна, што ў падобным чырвона-белым шаліку чароўна
падтрымліваў зборную намеснік старшыні БФФ Міхаіл Ботнікаў. Так-так, той самы,
які раней працаваў у ахове Лукашэнкі, а зусім нядаўна быў злоўлены за стырном у
нецвярозым стане (пакуль што без публічных наступстваў для сябе).
Паводле апошняй інфармацыі, Руто знаходзіцца ў Кастрычніцкім РУУСе Мінска ў чаканні пратаколу. Журналіста абвінавачваюць у несанкцыянаваным
пікетаванні па артыкуле 24.23 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях.
Артыкул прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафу да 100 базавых велічынь,
грамадскіх прац або арышту да 15 сутак.
Абноўлена: як паведамляе «Трыбуна», Дзмітрый Руто знаходзіцца ў ЦІП на Акрэсціна ў статусе абвінавачанага па адміністрацыйнай справе. Судовае пасяджэнне будзе праходзіць у судзе Кастрычніцкага раёна Мінска. Пра дату суда не паведамляецца. Родным удалося перадаць Дзмітрыю цёплыя рэчы і ежу.