З Магілёўскага ізалятара вызвалілі журналістаў Буракова і Лапцэвіча. Яны заявілі пра здзекі ў турме
З ізалятара журналістаў вывезлі: Лапцэвіча на аўтобусны вакзал, а Буракова — на чыгуначны. Пад арыштам яны прабылі 20 дзён, частку з якіх галадалі на знак пратэсту.
Журналістаў Аляксандра Буракова і Уладзіміра Лапцэвіча
затрымалі 12 мая, калі пачаўся закрыты працэс супраць «групы Севярынца» у
Магілёўскім абласным судзе, нагадвае «Свабода».
Журналісты асвятлялі гэтую падзею, але абодва былі
асуджаныя за несанкцыянаванае пікетаванне.
У няволі супраць умоў утрымання журналісты абвясцілі
галадоўку. Лапцэвіч галадаў тры дні, а Буракоў — сем. Скончылі галадоўку праз пагаршэнне здароўя. У Лапцэвіча падскочыў ціск, а ў Буракова з'явілася
арытмія.
Журналісты кажуць, што 20 дзён спалі на голых дошках, двойчы
на ноч іх будзілі, удзень выводзілі ў калідор, прымушалі распранацца дагала і
ставілі на расцяжку. Каб яна была шырэйшай, білі па нагах.