Банкір Сяргей Касцючэнка — на волі, хоць быў асуджаны на 3,5 гады

Кіраўнік «Прыёрбанка» пазаўчора выйшаў на волю, хоць у жніўні 2022-га яго асудзілі да 3,5 гадоў зняволення.

_hroszy___valjuta__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo_1.jpg

Пра вызваленне бізнесоўца паведаміла «Н*ша Н*ва».

Улетку 2022 года Мінскі гарадскі суд даў Сяргею Касцючэнку 3,5 гады калоніі. Яго судзілі па 243 артыкуле Крымінальнага кодэкса («Ухіленне ад выплаты падаткаў»). Разам з Касцючэнкам асудзілі яшчэ двух бізнесоўцаў.

Фармальна пытанні ў сілавікоў выклікала легальная схема ашчаджання на падатках з дапамогай сістэмы назапашвальнага страхавання «Прыёрлайф», якой карысталіся банкіры для вываду дывідэндаў без выплаты падаходнага.

«Гэта распаўсюджанае ў свеце назапашвальнае страхаванне. Сэнс яго ў тым, што ты прыносіш грошы кампаніі, якая вельмі кансерватыўна распараджаецца сродкамі, — класічны пенсійны фонд. Яна абяцае табе даходнасць па праходжанні пэўнага часу, ад некалькіх гадоў. Калі гаворым пра пенсію, то па дасягненні гэтак званага «ўзросту дажывання».


Пры ўводзе грошай у гэтую сістэму страхавання табе не трэба плаціць з іх падаткі — так рабілі многія банкіры, пералічваючы туды дывідэнды ад работы ў банку», — расказвалі суразмоўцы з банкаўскай сферы.

Афіцыйнае абвінавачанне палічыла, што фігуранты справы не сплацілі падаткі з сумы ў 1,5 мільёна рублёў (гэта значыць, у асабліва буйным памеры).

Было меркаванне, што ў справе Касцючэнкі замяшана палітыка.

Ходзяць чуткі, што незадоўга перад арыштам ён адмовіў фаварыту Лукашэнкі, хакейнаму трэнеру Дзмітрыю Баскаву, у просьбе фінансаваць хакейнае «Дынама».

Дэталі выхаду Касцючэнкі пакуль невядомыя.


У розныя гады рэйтынг «Ежедневника» ставіў Касцючэнку ў лік дваццаці самых уплывовых бізнесоўцаў краіны.

Свой «Прыёрбанк» 56-гадовы ўраджэнец вёскі Вішнева Валожынскага раёна Сяргей Касцючэнка стварыў у 1989 годзе. Банк стаў адным з лідараў банкаўскай сферы Беларусі, долю ў ім выкупіў аўстрыйскі «Райфайзэн». Касцючэнка — ганаровы консул Аўстрыі.

Пра тое, што бізнесовец на волі, напісаў і Павел Латушка ў сваім твітары: «Колькі гэта каштавала? Мне вядома, што раней сумы выкупу, якія плацілі бізнесоўцы, даходзілі да 37 мільёнаў долараў».