Баранавічы. Пратакол за ўскладанне кветак да помніка Яна Чачота
Свіслацкая гісторыя наконт пакарання за ўскладанне кветак ля помніка каліноўцаў паўтараецца ў Баранавічах.
Як толькі матэрыял пра ўшанаванне баранавіцкімі актывістамі беларускага паэта Яна Чачота з’явіўся ў інтэрнэце, да былога стваральніка і дырэктара этнаграфічнага музея Міхася Берната з’явіўся маёр міліцыі Ігар Цівунчык. Ён склаў пратакол на Берната за арганізацыю несанкцыянаванага мерапрыемства.
Міхась Бернат адзначыў:
— Вы хоць радаваліся б, што замест смецця кветкі паставілі, радавалі б, што людзі яшчэ нешта ў душы маюць і шануюць сваіх паэтаў, пісьменнікаў, сваіх дзеячаў. Гэта ж цудоўна. Гэта ж не супраць улады, краіны. Гэта як раз тое, што павінна яднаць людзей.
Умяшанне ў культурніцкае жыццё беларусаў старшыня Баранавіцкага Таварыства беларускай мовы Мікалай Падгайскі лічыць вынікам наступу “рускага свету”:
— Гэта акупацыя “рускім светам” нашай краіны. Каб не даць беларусам ушанаваць памяць чалавека, які, можна сказаць, адзін з заснавальнікаў нашай дзяржаўнасці, нашай нацыі. Гэта вышэйшай ступені дзікунства.
Паводле старшыні руху “За Свабоду” ў Баранавічах Уладзіміра Гундара, з гэтай нагоды актывісты запісаліся на прыём да старшыні гарадскога выканаўчага камітэта 13 ліпеня.
Беларускае Радыё Рацыя