БАВГ рэалізуе праект "Чарнобыльская катастрофа і яе наступствы ў памяці жыхароў Беларусі"
Канферэнцыя «Чарнобыльская аварыя і грамадства: 30 год пасля катастрофы» пройдзе ў Мінску 15-16 красавіка 2016 года.
sputnik.by
У 2015 годзе Беларускі архіў вуснай гісторыі (БАВГ) звярнуўся ў сваіх даследаваннях да тэмы аварыі на Чарнобыльскай АЭС, якой хутка споўніцца 30 год.
Вясной і летам 2015 года Беларускі архіў вуснай гісторыі збіраў успаміны сведкаў Чарнобыльскай катастрофы (праводзіў інтэрв'ю з імі). Было сабрана больш за 40 інтэрв'ю з людзьмі, якія мелі рознае дачыненне да катастрофы: ліквідатарамі; перасяленцамі; тымі, хто застаўся жыць на забруджаных тэрыторыях ці вярнуўся на радзіму пасля перасялення; навукоўцамі; грамадскімі дзеячамі.
Некаторыя ўрыўкі гэтых інтэрв'ю можна паглядзець на сайце Беларускага архіва вуснай гісторыі.
Праца па запісу ўспамінаў сведак Чарнобыльскай аварыі працягваецца, таму у ахвочых ёсць магчымасць далучыцца да збору інтэрв'ю.
Кантакты:
электронны адрас: info@nashapamiac.org
паштовы адрас: МГА “Гісторыка”, 220030, г. Мінск, а/c128
тэлефон: (029) 358 31 84
Праект БАВГ "Чарнобыльская катастрофа і яе наступствы ў памяці жыхароў Беларусі" таксама ўключае ў сябе конкурс студэнцкіх прац на чарнобыльскую тэматыку, заснаваных на матэрыялах вуснай гісторыі.
Нягледзячы на тое, што конкурс уваходзіць у фінальную стадыю, ўсе зацікаўленыя яшчэ могуць паспець узяць у ім удзел.
Да ўдзелу запрашаюцца студэнты вышэйшых навучальных устаноў (у тым ліку магістранты), а таксама навучэнцы сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў.
Апошні тэрмін падачы прац – 15 снежня 2015 года.
З умовамі ўдзелу можна пазнаёміцца ў раздзеле конкурс "Чарнобыльская катастрофа" на сайце БАВГ.
Пераможцы атрымаюць каштоўныя прызы (галоўны прыз - ноўтбук). Лепшыя працы будуць апублікаваныя, а іх аўтары запрошаны на навуковую канферэнцыю з удзелам вядомых гісторыкаў, сацыёлагаў, палітолагаў.
Тыя ж адмыслоўцы, якія ўжо даўно скончылі ўніверсітэт, могуць таксама прадставіць свае даследаванні на ўзгаданай навуковай канферэнцыі, прысвечанай трыццацігоддзю аварыі на ЧАЭС.
Канферэнцыя «Чарнобыльская аварыя і грамадства: 30 год пасля катастрофы» адбудзецца ў Мінску 15-16 красавіка 2016 года.
Канферэнцыя будзе мець шматдысцыплінарны характар. Мы разлічваем на ўдзел у ёй гісторыкаў, культуролагаў, палітолагаў, сацыёлагаў, літаратуразнаўцаў, а таксама прадстаўнікоў іншых сацыяльных і гуманітарных навук.
Падрабязней пра ўмовы ўдзелу ў канферэнцыі можна прачытаць на сайце БАВГ.