БАЖ атрымала першую канадска-брытанскую прэмію За свабоду СМІ

Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) атрымала прэстыжную ўзнагароду ўрадаў Канады і Вялікабрытаніі – першую прэмію За свабоду СМІ (first Media Freedom Award). Пра гэта было абвешчана на Глабальнай канферэнцыі Media Freedom 2020.

00_76cd226fb60395a8e8752be1710f503b8bc01584.jpg


«Пераможца гэтага года, Беларуская асацыяцыя журналістаў, была выдзелена за прыхільнасць журналісцкай этыцы, а таксама за адданасць прынцыпам і за ўпартасць і самаахвяраванне ў час узрослага накіраванага ціску на СМІ ў Беларусі» — цытуе БАЖ паведамленні брытанскага МЗС.

Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец адзначыў, што за тры месяцы пасля прэзідэнцкіх выбараў было зафіксавана больш за 400 выпадкаў грубых парушэнняў правоў журналістаў, журналісты сутыкнуліся з гвалтам, пераследамі, збіццём, канфіскацыяй тэхнікі, арыштамі і несправядлівымі рашэннямі судоў, трое журналістаў атрымалі раненні.

«Я лічу, што гэтая ўзнагарода адлюстроўвае вашу высокую ацэнку працы журналістаў у Беларусі, асабліва ва ўмовах бягучага крызісу з правамі чалавека ў перыяд пасля прэзідэнцкіх выбараў», — заявіў Бастунец.

«Улады ціснуць на нас? Але ціснуць можна толькі на тое, што аказвае супраціў... Я вельмі паважаю ўсіх тых, хто працуе “ў полі”, нягледзячы на ўсе рызыкі і пагрозы. Тых, хто працуе ў рэдакцыях. Тых, хто адмовіўся памнажаць хлусню і пакінуў прапагандысцкія дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі. Тых, хто салідарны са сваімі калегамі і дапамагае ім словам і справай. Усіх, хто спрыяе распаўсюду інфармацыі пра палітычны крызіс і крызіс правоў чалавека ў Беларусі, як унутры краіны, так і далёка па-за яе межамі. А не застаецца “закаркаванай” у душнай медыяпрасторы, якой яе спрабуюць зрабіць “людзі ў чорным”», — сказаў кіраўнік арганізацыі.