Беларуская асацыяцыя журналістаў намінаваная на прэмію «Рэпарцёраў без межаў»
Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) намінаваная на прэмію праваабарончай арганізацыі «Рэпарцёры без межаў» Press Freedom Awards 2021 у катэгорыі «За ўплыў».
Арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» (RSF) абвясціла намінантаў на прэмію Press Freedom Awards 2021, якая будзе ўручаная 18 лістапада. Журналісты і СМІ з 11 краін намінаваныя на ўзнагароды, якія будуць уручацца ў трох катэгорыях — за журналісцкую мужнасць, уплыў і незалежнасць, паведамляе Беларускі партызан са спасылкай на RFI.
Беларуская асацыяцыя журналістаў, як адзначаюць у арганізацыі «Рэпарцёры без межаў», «старанна пералічыла ўсе формы пераследаў журналістаў і незалежных СМІ, уключаючы адвольныя ператрусы, цэнзуру, гвалт і турэмнае зняволенне». Прычым гэты маніторынг ажыццяўляўся падчас пераследу ўладамі самой Беларускай асацыяцыі журналістаў. «Праца БАЖ дапамагла беларускім грамадзянам, міжнародным арганізацыям і замежным урадам звярнуць увагу на сур'ёзнасць сітуацыі са свабодай прэсы ў Беларусі», — гаворыцца ў заяве RSF.
Асацыяцыя «адыграла ключавую ролю ў дакументальным пацверджанні беспрэцэдэнтнага ўзроўню нападаў, арыштаў журналістаў у Беларусі пасля спрэчных прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года».
З лета 2021 года БАЖ працуе ў вымушанай эміграцыі, у Беларусі асацыяцыя ліквідаваная ўладамі, яе сайт недаступны ў Беларусі.
Намінацыю на аўтарытэтную прэмію для RFI пракаментаваў замес ітэль старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі:
«Беларускі медыясектар за апошні год атрымаў вельмі сур'ёзныя “пашкоджанні”, мы перажылі сур'ёзныя напады на медыя і сам факт таго, што наш медыясектар па-ранейшаму жывы — гэта вялікая заслуга мноства рэдакцый, асоб, людзей, якія нягледзячы на вымушаную эміграцыю, на вельмі складаныя ўмовы пасля ператрусаў і арыштаў працягваюць рабіць якасную незалежную журналістыку ў Беларусі. 29 нашых калегаў на дадзены момант знаходзяцца ў няволі. На жаль, гэта лічба ўвесь час павялічваецца. Тое, што беларускае пытанне, тэма беларускіх журналістаў гучыць на сусветным узроўні — гэта адзіная наша абарона, наша падтрымка.
Трэба разумець, што вельмі многія нашы рэдакцыі і журналісты знаходзяцца цяпер і не ў самым лепшым псіхалагічным, маральным стане — калі твой галоўны рэдактар, твае супрацоўнікі за кратамі, а ты вымушаны ці з'ехаць, каб працягваць займацца журналістыкай, або працягваць гэта рабіць у самой краіне па-сутнасці на нелегальным становішчы. Таму ўвага журналісцкіх арганізацый, падтрымка міжнародных арганізацый проста каласальна важныя для медыясектара, рэдакцый і для самой Беларускай асацыяцыі журналістаў, якая ўжо паўтара года працуе нон-стоп для дапамогі калегам, дакументавання рэпрэсій. Сама патрапіўшы пад рэпрэсіі, пад ліквідацыю — БАЖ працягвае працаваць».