Беларускам, якія сутыкнуліся з хатнім гвалтам, дапамогуць анлайн

Пасля ліквідацыі ў краіне «Радзіславы» спыніла сваё існаванне і «гарачая лінія» дапамогі жанчынам, што пацярпелі ад хатняга гвалту. Але цяпер такая лінія з'явілася анлайн. Пасля тэставага перыяду яна запрацавала стала. Лінія — бясплатная.

1080h1080_uvid__czto_vyhod_est.jpeg


За тэставы перыяд працы сэрвісу oliviahelp.org са снежня 2022 года на лінію звярнуліся 40 жанчын: 53% патэлефанавалі па тэлефоне, 14% — у Viber, 31% — у Telegram, 2% — напісалі на e-mail.

58% тых, хто звярнуўся, была патрэбна псіхалагічная дапамога, 38% — прававая, 65% — сацыяльная і 83% — інфармацыйная. Важна адзначыць, што хатні гвалт — комплексная праблема, таму ў рамках аднаго звароту можа быць некалькі запытаў.

Асноўныя пытанні тых, хто звярнуўся, тычыліся апісанняў сітуацый хатняга гвалту і ўтрымлівалі наступныя запыты: «Што рабіць?», «Як сысці ад аб'юзера пасля доўгіх адносін?», «Як засцерагчы сябе?» і гэтак далей. Таксама для многіх кліентак лініі актуальнымі былі пытанні пра развод і падзел сумесна нажытай маёмасці. У такіх выпадках кансультанты лініі аказваюць не толькі разавую дапамогу, а працягваюць кансультаваць кліентак да шчаснага вырашэння сітуацыі.

Асноўны від гвалту, з якім сутыкаюцца кліенткі анлайн-лініі oliviahelp.org — псіхалагічны. Ён быў згаданы ў 90% зваротаў. 35% запытаў было па праблеме эканамічнага гвалту. У 13% выпадкаў жанчыны, якія звярнуліся, мелі патрэбу ў кансультацыі, якая тычыцца фізічнага гвалту, 20% і 5% запытаў былі аб сталкінгу і сексуальным гвалце адпаведна.


«На жаль, на дадзены момант не засталося спецыялізаваных сэрвісаў для ахвяр, пацярпелых ад хатняга гвалту, аднак праблема застаецца актуальнай. Ва ўмовах абмежаванай дапамогі важна, каб з'яўляліся новыя ініцыятывы і праблема хатняга гвалту не замоўчвалася, а ахвяры маглі знайсці падтрымку, апору і дапамогу ў крызіснай сітуацыі.

Да нас могуць звярнуцца як жыхаркі Беларусі, так і беларускі, якія з'ехалі ў іншыя краіны і якім патрэбна дапамога на даступнай для іх мове.

Калі кліентка знаходзіцца ў Беларусі, то мы акажам усю неабходную інфармацыйную, псіхалагічную і юрыдычную падтрымку. Калі кліентцы неабходна вочная дапамога, то нашы спецыялісты таксама падкажуць, куды можна звярнуцца, у якое бліжэйшае ад пражывання месца.

Каманда oliviahelp.org — гэта каманда прафесіяналаў-псіхолагаў і юрыстаў з вялікім вопытам у тэме хатняга гвалту. Пакуль мы не працуем сем дзён на тыдзень, але, калі будзе паступаць вялікая колькасць запытаў, мы будзем карэктаваць графік працы кансультантаў.

Таксама кругласутачна нам можна адправіць зварот праз мэсэнджары або форму на сайце oliviahelp.org», — распавялі прадстаўнікі каманды.

Кансультанты лініі аказваюць неабходную інфармацыйную, псіхалагічную і прававую дапамогу. Кансультацыю можна атрымаць, патэлефанаваўшы ў працоўны час спецыялістам або напісаўшы ў месенджар (Viber, Telegram) з сайта oliviahelp.org.


Графік працы:

  • панядзелак і серада з 10.00 да 18.00 —  інфармацыйная і псіхалагічная дапамога. Час беларускі;
  • аўторак і чацвер з 10.00 да 18.00 — інфармацыйная і прававая дапамога. Час беларускі.

Усе звароты бяспечныя, ананімныя і канфідэнцыйныя. Інфармацыя не перадаецца трэцім асобам, а званкі не запісваюцца.