«Беларускія памежнікі забралі пашпарты і сказалі: ідзіце «ў Еўропу». Як пяць афганцаў дабраліся да Літвы

За паездку ў Еўропу з Кабула пяцёра афганцаў заплацілі па 7000 долараў ЗША кожны, распавядае Delfi.lt.

migrantai_pusku_uzkardoje_88198871.jpg

Спачатку з Кабула іх пераправілі ў Кандагар, потым — ва Узбекістан, адтуль — з беларускімі візамі ў Мbнск і да мяжы з Літвой.

Афганцы распавялі, што ў Кабуле яны знайшлі чалавека, афганца, якому кожны заплаціў па 7000 долараў. Брат аднаго з іх цяпер знаходзіцца ў Германіі, ён бег туды ад талібаў (быў вайскоўцам пры ранейшым урадзе Афганістана). Затрыманыя сказалі, што чалавек, якому яны аддалі грошы, абяцаў давезці іх «да Еўропы».

«У Беларусі нас перадалі памежнікам. Яны забралі нашы пашпарты, адвезлі нас у нейкі лес, сказалі ісці наперад, «у Еўропу», там нас затрымаюць і на паўгода закрыюць у лагеры. Яны думалі, што мы з Ірака, а мы з Афганістана. Тады яны сказалі, што павінны камусьці патэлефанаваць. Забралі пашпарты, прывезлі да мяжы ў лес», — сказаў адзін з афганцаў.

23-гадовы Рамін Саядзі і 28-гадовы Ахмад набіў Садыд сказалі, што яны студэнты ВНУ.

31-гадовы Абдул Халіг Гайбі — журналіст, ён з хазарэйцаў, сцвярджае, што яму пагражаў Талібан.

30-гадовы Ахмад Раман Санайе і 24-гадовы Мухамад Алем Хайдары запэўніваюць, што яны настаўнікі англійскай мовы, таксама хазарэйцы.

Яны сказалі, што калі талібы сталі ўмацоўваць свае пазіцыі, ім сталі пагражаць.

«Я — настаўнік англійскай мовы, мне 30 гадоў. Маёй сям'і сказалі, што ён выкладае англійскую, вучыць мове ворага. Калі я ўбачыў, што Талібан захоплівае адзін горад за адным, а наш урад нічога не робіць, я зразумеў, што заставацца ў Афганістане небяспечна», — сказаў Ахмад Раман Санайе.

Мужчыны сказалі, што прыходзілі на тэрыторыю Літвы не менш за пяць разоў, адзін раз яны дабраліся нават да Ігналіны.

«Мы прыходзілі ў сядзібы, казалі, што мы мігранты. Людзі выклікалі паліцыю, нас вярталі ў Беларусь. Там памежнікі са зброяй у руках прымушалі нас вяртацца ў Літву, так было не менш за пяць разоў», — сказалі яны.

5 верасня, калі яны зноў прыйшлі ў Літву, сталі хавацца, у іх на зыходзе была ежа і вада.

«Тады мы зразумелі, што можам памерці, што гэта пытанне жыцця і смерці. Мы знялі відэа і размясцілі яго ў сацыяльных сетках. Нам сталі пісаць, што мы павінны прасіць аб дапамозе ў праваабаронцаў. Тады з намі па інтэрнэце звязаўся адзін мужчына і перадаў кантакты адваката. Мы з ёй звязаліся. Яна згадзілася нам дапамагчы», — распавялі афганцы.

Афганцы сказалі, што літоўскія памежнікі адзін раз ужылі супраць іх электрашокер.

«Мы стаялі ў вадзе, там быў роў з вадой. З абодвух бакоў былі ўзброеныя памежнікі. Мы баяліся, прасілі ўпусціць нас, пасадзіць у турму, толькі не пакідаць у гэтым балоце. Тады адзін літоўскі памежнік паказаў нам гэты прадмет, спытаў, ці ведаем мы, што гэта, я сказаў — электрашокер, Не біце. Ён ужыў яго тройчы. Мы нічога не рабілі, не супраціўляліся, мы прасілі арыштаваць нас, але нас прагналі», — распавялі афганцы.

Пасля таго як журналісты Delfi знайшлі пецярых афганцаў на балоце ў Ігналінскім раёне, іх размясцілі на Пушкайскай заставе.

У сераду журналісты Delfi наведалі іх і пераканаліся, што мужчыны знаходзяцца ў бяспецы. Яны цяпер знаходзяцца ў асобнай палатцы, у карантыне. У чацвер у іх возьмуць тэсты на каронавірус. Мужчыны сказалі, што з імі абыходзіліся добра: іх агледзелі лекары, ім далі цёплую вопратку, абутак, накармілі.

Усе яны папрасілі Літву даць ім прытулак.