Беларускія памежнікі знайшлі труп на мяжы з Літвой
Польшча і Літва паведамілі аб новых спробах прарыву межаў.
Памежны камітэт Беларусі паведаміў, што знайшлі труп мужчыны на мяжы з Літвой. Літоўскія і польскія пагранічнікі спынілі 233 спробы незаконнага перасячэння граніцы з боку Беларусі, інфармуюць ведамствы дзвюх краін.
Беларускія памежнікі 27 лістапада выявілі труп мужчыны «афра-азіяцкай знешнасці», паведаміў ДПК Беларусі. Цела знайшлі на ўчастку памежнай заставы «Відзы» Полацкага памежнага атрада «непасрэдна на літоўска-беларускай мяжы». Па даных ведамства, яму было каля 30 гадоў, ён быў збіты і знаходзіўся ў спальным мяшку.
ДПК сцвярджае, што цела выкінулі літоўскія сілавікі. «Для ўстанаўлення абставін і прычын смерці на месца здарэння выклікана следча-аператыўная група. Праводзяцца неабходныя следчыя дзеянні», — гаворыцца ў афіцыйным паведамленні.
Літоўскія памежнікі з паўночы суботы па нядзелю не дазволілі 108 мігрантам патрапіць у краіну з тэрыторыі Беларусі, паведамляе Delfi.lt. На мінулым тыдні ў пятніцу такіх спроб было 45, у чацвер — 29, у сераду — 55, у аўторак — 9, у панядзелак — 18.
Польская пагранслужба паведамляе, што 27 лістапада 125 мігрантаў спрабавалі незаконна перасячы мяжу з беларускага боку. Групы з некалькіх дзясяткаў чалавек спрабавалі сілай прарваць мяжу на ўчастках застаў у гмінах Дубічы-Царкоўне і Мельнік. У адносінах да 51 замежніка вынесена рашэнне аб выездзе з тэрыторыі краіны.