Беларусу з «тэрарыстычнага спісу» прысудзілі восем гадоў калоніі
Суд Гродзенскай вобласці прысудзіў восем гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму 43-гадоваму Юрыю Жукоўскаму, паведамляюць праваабаронцы.
Мужчыну абвінавацілі па чатырох артыкулах Крымінальнага
кодэкса — масавыя беспарадкі (ч. 1 арт. 293 КК), грубае парушэнне парадку (ч. 1
арт. 342 КК), распальванне варожасці (ч. 1 арт. 130 КК) і абраза Лукашэнкі (ч.
1 арт. 368 КК).
Як заявіла абвінавачанне, Юрый Жукоўскі «размяшчаў
публікацыі, у якіх падштурхоўваў да супрацьпраўных дзеянняў у дачыненні да
прадстаўнікоў пракуратуры, органаў унутраных спраў, дзяржаўнай бяспекі,
вайскоўцаў, кіраўнікоў і супрацоўнікаў адміністрацый гарадоў, сродкаў масавай
інфармацыі». Таксама ён нібыта «заклікаў да ўдзелу ў масавых
беспарадках і ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі
парадак». А ў чэрвені-жніўні 2020 года мужчына, як заявіў бок
абвінавачання, пакінуў у інтэрнэце абразлівыя каментары на адрас Лукашэнкі.
Юрый Жукоўскі — фігурант «тэрарыстычнага» спісу. КДБ унёс ягонае імя ў гэты спіс 10 чэрвеня 2022 года.