Выйшаў на свабоду бізнесмен і кінапрадзюсер Віктар Лабковіч
Бізнесовец і кінапрадзюсар Віктар Лабковіч на гэтым тыдні выйшаў на волю, паведамляе тэлеграм-канал «Свяшчэнны Белавуд».
Ён быў затрыманы ў чэрвені мінулага года, калі ў кампанію
«Модум» прыйшлі з ператрусам. Лабковіч быў адным з яе топ-менеджараў. За кратамі ён
правёў амаль год.
Яго студыя «Першая Кінавідэакампанія» вядомая прадзюсаваннем
серыяла пра Уладзіміра Мулявіна «За паўгадзіны да вясны», прэм'ера якога
плануецца восенню, дакументальнага фільма «Дэбют» (у 2019-м прасоўваўся на
«Оскар» ад Беларусі), хорар «Упыры», фантастыкі «Дзесяць жыццяў мядзведзя»,
якія яшчэ не выйшлі на экраны).
У ліпені мінулага года Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што
сілавікі выявілі ў Беларусі цэлую сетку прыватных прадпрыемстваў, якія нібыта
кралі грошы ў дзяржавы і пры гэтым выступалі за перамены і фінансавалі
пратэсты. Сярод такіх фірмаў ён назваў «Белцяжмаш», «Модум», «21-шы век» і «ТУТ
бай медыя». Ён сцвярджаў, што «Модум — наша касметыка» нанесла дзяржаве шкоду ў
650 тысяч даляраў, а ў кіраўнікоў кампаніі Пятрэнку, Лабковіча і Скуратовіча
пры ператрусе знайшлі больш за $115 тыс., 7 тыс. еўра і 25 тыс. рублёў.