«Белнафтахім» будзе і надалей павышаць кошты на паліва

Сёлета канцэрн «Белнафтахім» прагназуе рост фінансавых стратаў беларускіх НПЗ у параўнанні з 2019 годам у два разы, піша Белсат

Фота: Белсат

Фота: Белсат

Прычынаю таму падатковы манеўр ў нафтавай сферы ў Расеі, паведамляе «Вестник Белнефтехима».
«У 2020 годзе страты беларускіх НПЗ ад падаражэння сыравіны за кошт падатковага манеўру будуць у два разы большыя, чым у 2019 годзе», – заявіла кіраўнік планава-эканамічнага ўпраўлення канцэрну Ганна Гурына.
У Беларусі, паводле словаў Ганны Гурынай, «згодна з прагнозам на 2020 год кошт нафты ў сабекошце вытворчасці нафтапрадуктаў будзе займаць долю не менш за 87 %». Таму, паводле яе словаў, далейшы рост коштаў на нафтапрадукты ў краіне непазбежны.
«У мэтах стварэння ўмоваў для завяршэння мадэрнізацыі і захавання фінансавай устойлівасці НПЗ мерапрыемствамі на 2020 год прадугледжваецца таксама карэктаванне коштаў на нафтапрадукты з улікам змянення коштаў нафтавай сыравіны і іншых фактараў», – канстатавала Ганна Гурына.