Белстат схаваў рэальныя лічбы па каронавірусу, але перадаў іх у ААН
Смяротнасць у Беларусі за красавік—чэрвень перавысіла сярэднюю за апошнія 5 гадоў прыкладна на 5500 чалавек. Верагодна, гэта і ёсць рэальны вынік каронавірусу ў нашай краіне. Пра гэта сведчыць статыстыка, якую Беларусь перадала ААН, але тут яна не была апублікавана, піша Наша Ніва.
Лічбы шакуюць.
У чэрвені 2020 рост смяротнасці проці мінулага чэрвеня склаў 3753 чалавекі.
У маі 2020 рост смяротнасці проці мінулага мая склаў 1309 чалавек.
У красавіку 2020 рост смяротнасці проці мінулага красавіка склаў 543 чалавекі.
Лічбы студзеня-сакавіка ў цэлым адпавядаюць паказчыкам гадоў з нізкім узроўнем захворвання на грып і ВРВІ, які адзначаўся гэтай зімой. Але лічбы смяротнасці ў маі-чэрвені абсалютна беспрэцэдэнтныя. Такіх не назіралася ні разу за ўсе часы, пакуль на сайце ААН вядзецца падрабязная статыстыка — з 1980 года.
Зыходзячы з гэтых лічбаў, смяротнасць за красавік—чэрвень перавысіла сярэднюю за апошнія 5 гадоў прыкладна на 5500 чалавек. Верагодна, гэта і ёсць рэальны вынік каронавірусу ў нашай краіне.
Ён жахлівы: сувымерны з краінамі і рэгіёнамі свету, дзе ўдар Covid-19 быў найгоршы.
Па афіцыйных звестках, станам на 30 чэрвеня ад Кавіду ў Беларусі памерла толькі 398 пацыентаў — амаль у 14 разоў менш, чым прырост статыстыкі смяротнасці за красавік-чэрвень.
Па тых жа афіцыйных звестках, ад 1 ліпеня да сённяшняга дня памерла яшчэ 307 пацыентаў з Кавід.
Статыстыка смяротнасці ад Кавід, як і статыстыка пнеўманій па асобных раёнах і бальніцах засакрэчана ад красавіка, таму СМІ ніяк не маглі яе праверыць. Ва ўсіх іншых еўрапейскіх краінах статыстыка Кавід не была засакрэчана. У большасці еўрапейскіх краін каранцінныя меры па Кавід былі нашмат стражэйшыя, што стала тэмай для вялікай палемікі ў нашай краіне.