Мрочак: У афіцыйнай статыстыцы смерці ад COVID-19 схавалі ў «Хваробы сістэмы кровазвароту»

У заніжэнні статыстыкі смяротнасці ад каронавіруснай інфекцыі варта вінаваціць не Аляксандра Лукашэнку, а былога кіраўніка Міністэрства аховы здароўя Уладзіміра Караніка. Такое меркаванне ў інтэрв'ю тэлеканалу «Дождь» выказаў вядомы беларускі кардыёлаг, заслужаны дзеяч навукі, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар медыцынскіх навук, прафесар, былы галоўны лекар РНПЦ «Кардыялогія» Аляксандр Мрочак, каментуючы статыстыку ААН.

Фота Дзмітрыя Брушко

Фота Дзмітрыя Брушко

— Беларусы нічым не адрозніваюцца ад еўрапейцаў, і наша нацыя ніякім чынам не адрозніваецца па ўспрыманні кавіднай інфекцыі, ды і любой іншай інфекцыі, ад любых іншых нацыянальнасцяў. Таму заўсёды выклікае падазрэнні зніжаная смяротнасць ад COVID-19. Я нават у прэсе выступаў з гэтай нагоды і разважаў, з чым гэта можа быць звязана, можа крыжаваны імунітэт, можа актыўная імунізацыя ад грыпу, БЦЖ. Але павінен сказаць, што і эпідэміёлагі, і інфекцыяністы, у цэлым не пагадзіліся з гэтай пазіцыяй, — распавёў Мрочак.
Ён задаўся пытаннем, куды ж адносяць усе «лішнія» смерці. Па версіі вучонага, у афіцыйнай статыстыцы ўсе гэтыя лічбы схавалі ў катэгорыю «Хваробы сістэмы кровазвароту».
— «Хваробы сістэмы кровазвароту» складаюць у статыстыцы 58% смерцяў у Беларусі, абганяючы значна іншыя краіны. Я мяркую, і такія факты ў мяне ёсць, не скажу што па ўсіх тысячах смерцяў, што можна ставіць дыягназ «ішэмічная хвароба сэрца», не звяртаючы ўвагі на тое, што пацыент памёр ад лёгачнай недастатковасці, звязанай з кавіднай інфекцыяй, — дадаў прафесар.
Вучоны лічыць, што ў заніжэнні статыстыкі смяротнасці ад каронавіруснай інфекцыі варта вінаваціць не Аляксандра Лукашэнку, а былога кіраўніка Міністэрства аховы здароўя Уладзіміра Караніка.
Нагадаем, у сістэме ААН з'явіліся дадзеныя аб смяротнасці ў Беларусі. У чэрвені 2020 года колькасць смерцяў на 3753 выпадкі перавысіла мінулагоднія паказчыкі па тым жа месяцы. Смяротнасць за першае паўгоддзе гэтага года пабіла пяцігадовы рэкорд (падкрэслім, што ў дадзеных ААН не пазначаная прычына смяротнасці).
У Беларусі на 7 верасня зарэгістравана 73 031 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19. За суткі — 172 новыя выпадкі. Па дадзеных Міністэрства аховы здароўя, ачунялі і выпісаныя 71 883 пацыента, у якіх раней быў пацверджаны дыягназ COVID-19 (за суткі — 19 чалавек). За ўвесь перыяд распаўсюджвання інфекцыі на тэрыторыі краіны памерлі 716 пацыентаў (пяць за апошнія суткі).
27 жніўня вядомы беларускі кардыёлаг, заслужаны дзеяч навукі, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар медыцынскіх навук, прафесар Аляксандр Мрочак быў звольнены з пасады галоўнага ўрача РНПЦ «Кардыялогія».
tut.by