Берасцейцы аднавілі зліквідаваны мемарыял Генадзя Шутава
Месца пры 20-павярховым доме па вуліцы Маскоўская, адкуль позна ўвечары
11 жніўня «Хуткая дапамога» забрала нерухомае цела 44-гадовага бацькі
пецярых дзяцей, ужо праз некалькі дзён пасля яго пахавання было чыста
прыбранае.
Вечарам у пятніцу 4 верасня берасцейцы зноў прынеслі сюды кветкі. Аднак тут падаспелі сілы хуткага рэагавання і рассеялі сходку. Частка людзей рушыла ў Святаваскрасенскі сабор насупраць. Як сказалі бабулі на лавачцы пры доме, міліцыянты “ваююць з бацюшкам”. Відавочцы паведамілі, як мінімум адзін чалавек быў затрыманы.
Генадзю Шутаву было нанесенае раненне ў галаву з разбурэннем аснавання чэрапа і размазджэннем мозгу, якое аказалася смяротным. Генадзь Шутаў памёр 19 жніўня ў вайсковым шпіталі ў Менску. Быў пахаваны 24 жніўня ў Жабінцы, адкуль ён родам. Цела яго некалькі дзён не аддавалі родным, відавочна баючыся, што ў выходныя дні 22 і 23 жніўня на пахаванне збярэцца многа людзей.
Фота аўтара