Беларус вызвалены з рабства ў Дагестане
Дваццацівасьмігадовы грамадзянін Беларусі Дзмітрый Каваленка вызвалены з “працоўнага палону” ў Дагестане (Расія), паведаміла 13 мая ўпраўленне Федэральнай службы РФ па кантролі за абаротам наркотыкаў.
Вызваленне адбылося падчас праверкі аператыўнай інфармацыі пра злачынствы ў сферы незаконнага абароту наркотыкаў.
“Наркапаліцэйскім паступіла інфармацыя пра тое, што ў Бабаюртаўскім раёне каля паселішча Шава, на прыкутаннай (кутан — населены пункт, які адміністрацыйна ўваходзіць ў горны раён, але размешчаны на раўніне, у зоне адгоннай жывёлагадоўлі) гаспадарцы вырошчваюць расліны з утрыманнем наркатычных рэчываў. Аператыўнікі пры сілавой падтрымцы байцоў спецназа УФСКН праверылі гэтую інфармацыю. Культываваных кустоў не знайшлі, не выявілі і іншыя факты, якія пацвярджаюць сапраўднасць аператыўнай інфармацыі… Падчас правядзення абследавання тэрыторыі і памяшканняў наркапаліцэйскіх сустрэў і суправаджаў на мясцовасці малады чалавек па імені Дзмітрый. Як стала вядома, Дзіма — ураджэнец і грамадзянін Рэспублікі Беларусь, якога супраць яго волі ўтрымліваюць на ферме, дзе ён выконвае ўсю працу па гаспадарцы”, — адзначаецца ў паведамленні.
На працягу апошніх двух гадоў Дзмітрый жыў у полі ўдалечыні ад людзей, да найбліжэйшага населенага пункта было 15 км. Паехаўшы на заробкі з Беларусі ў Маскву, ён пазнаёміўся з дагестанцам, які прапанаваў працу ў Махачкале. Дзмітрый адмовіў яму, але незнаёмец настойліва ўгаворваў яго паехаць падзарабіць. Бачачы нерашучасць хлопца, той прапанаваў перакусіць у адным з кафэ, дзе Дзмітрый замовіў сабе суп, пасля якога ён ужо прачнуўся ў аўтобусе Масква — Махачкала праз 10 гадзін. Бегчы не было магчымасці, вадзіцелі абходжвалі яго, не адпускаючы аднаго нават у туалет. Беларуса адвезлі ў горы, дзе ён працаваў на каменяломні. Не вытрымаўшы вялікай нагрузкі, Дзмітрый збег пры дапамозе аднаго з мясцовых жыхароў, які адвёз яго на ферму. Там яго і знайшлі супрацоўнікі УФСКН.
Наркапаліцэйскія забралі маладога чалавека ў Махачкалу і звязаліся са сваякамі, якія жывуць у Падмаскоўі. Тыя паабяцалі прыехаць найбліжэйшым часам.
“Рэспубліка Дагестан у апошнія гады сумнавядомая такімі выпадкамі, дзясяткі аналагічных гісторый, падобных, як дзве кроплі вады, але ў гэтай адназначна шчаслівы фінал", — гаворыцца ў прэс-рэлізе.
Наркапаліцэйскія апублікавалі фота пашпарта Каваленкі. Тэрмін дзеяння дакумента мінуў у 2011 годзе.