Беларуская глыбіня Паўла Севярынца

У грамадскага дзеяча і пісьменніка Паўла Севярынца выйшла новая кніга — “Беларуская глыбіня”. У выданне, якое пабачыла свет у серыі “Кнігарня пісьменніка” Саюза беларускіх пісьменнікаў, уключаныя эсэ, напісаныя падчас апошняга зняволення аўтара. Тэксты пісаліся цягам трох гадоў і друкаваліся, па меры іх стварэння, у прэсе. Сёння эсэ пра лёс Беларусі і яе народа — усе разам пад адной вокладкай.



seviarynec_vokl.jpg

— “Беларуская глыбіня” — гэта сведчанне. Калі табе раптам у забытым і занядбаным адкрываецца нешта найвышэйшае — ты сам не здольны гэта ўмясціць, і таму дзелішся. Чытачу хачу сказаць: Бог побач. Тут. Ён любіць Беларусь мацней, чым кожны з нас — і любіць настолькі моцна, што не можа пакінуць нас такімі, якія мы ёсць, — распавядае Павел. — Гэтая кніга — спроба ўглядзецца ў нашу беларускую глыбінку, каб убачыць праз яе Хрыста. Углядзецца ў вочы. У лёсы. У далягляды скрозь краты.  На вокладцы зарослы калодзеж, у якім адлюстроўваюцца нябёсы, і дрэвы цягнуцца ў бездань. Беларуская глыбіня — гэта насамрэч імкненне ўгару.

Да папярэдняга выдання Паўла Севярынца, “Лісты з лесу”, новая кніга і падобная, і ў той жа час адрозная ад яго: “Тут усё-такі плюс шэсць гадоў, шэсцьсот кіламетраў на поўдзень, і гісторыя ды жыцці пераплеценыя нашмат гусцей. Таму ў “Глыбіні” больш пытанняў, чым адказаў”.

На пытанне, чым для аўтара ёсць літаратурная дзейнасць, Павел адказвае: “Пісьменніцтва — гэта калі ты шыфруеш для чытача тое, чаго не можаш змяніць сам. Бо тое, што можаш — не губляй часу, бяры й мяняй у жыцці: рукамі, нагамі, галавой, сэрцам. Найперш — сябе”.

Павел Севярынец правядзе прэзентацыю сваёй новай кнігі «Беларуская глыбіня» 21 мая — у Оршы, 23-га — у Маладзечне, 24-га — у Магілёве.

Прэс-служба ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”