Беларусы зноўку перавядуць стрэлкі гадзіннікаў?

Уначы 26 кастрычніка Беларусь можа канчаткова перайсці на зімовы час па прыкладзе суседняй Расіі. Гэтае пытанне зараз знаходзіцца на разглядзе ў Савеце Міністраў. Праўда, канчатковае рашэнне пакуль не прынята, але наўрад ці можна сумнявацца ў яго прыняцці. 



chasy.jpg

Пытанне аб пераходзе на зімовы час услед за Расіяй разглядаецца ў Савеце Міністраў Беларусі, паведамілі TUT.BY у Дзяржстандарце.

Прыняцце ў Расіі чарговага закона аб пераводзе гадзіннікаў не магло застацца незаўважаным у Беларусі, распавяла кіраўнік прэс-службы Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Тамара Бурдукевич.

— Мы маем дастаткова цесныя эканамічныя і палітычныя сувязі з Расіяй, таму зараз абмяркоўваецца гэтае пытанне. Ці будуць унесены нейкія змены ў той часовы парадак, які мы прынялі ў 2011 годзе, пакуль невядома.

Нагадаем, расійская Дзярждума ў пачатку ліпеня ўхваліла закон, згодна з якім восенню 2014 года ў большасці суб’ектаў РФ гадзіны перавядуць на гадзіну назад, і ў далейшым сезонны перавод стрэлак ажыццяўляцца не будзе. 22 ліпеня яго падпісаў Уладзімір Пуцін. Расійцы будуць жыць па зімовым, то бок астранамічным часе.

Раней, у 2011 годзе, адменай пераводу стрэлак заклапаціўся тадышні прэзідэнт РФ Дзмітрый Мядзведзеў. Па яго ініцыятыве Расія перайшла на сталы летні час, які апярэджваў астранамічны на дзве гадзіны. Услед за краінай-суседкай адмовілася ад пераходу на зімовы час і Беларусь.

Гэтым летам, каментуючы прынятае Пуціным рашэнне аб новых метамарфозах з часам, спецыялісты Дзяржстандарту паведамілі, што Беларусь не будзе пераходзіць на зімовы час. Аднак цяпер іх меркаванне ўжо не такое катэгарычнае.

У верасні 2012 года на тэму пераводу гадзіннікаў выказваўся і Аляксандр Лукашэнка. «Думаю, мы разам з расійцамі вырашым, як нам паступіць... Што тычыцца эканомікі, то наўрад ці мы ўжо шмат выйграем. Таму я не прыхільнік круціць гадзінамі туды-сюды», — сказаў Лукашэнка.

З аднаго боку, пераход Беларусі на «правільны» астранамічны час мае рацыю — беларусам не прыйдзецца пастаянна недасыпаць па раніцах і ехаць на працу, а дзецям ісці ў школу ў апраметнай цемры зімой, а з іншага — такі пераход стане чарговай яскравай дэманстрацыяй абсалютнай несамастойнасьці беларускіх уладаў.