Блогера Матольку абвесцяць ў міждзяржаўны вышук

У дачыненні да вядомага блогера Антона Матолькі ўзбуджаная крымінальная справа па трох артыкулах, а яго Telegram-канал хочуць прызнаць экстрэмісцкім.

44083831_10156643559636308_8158797730353774592_n_1.jpg


У ходзе расследавання крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Мінску ў 2020 годзе УСК па горадзе Мінску з супрацоўнікамі ГУБАЗіК атрымалі доказы аб датычнасці Матолькі да здзяйснення шэрагу злачынстваў па арт. 293 («Масавыя беспарадкі») і арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскіх парадак») КК, піша REFORM.by са спасылкай на прэс-службу Следчага камітэта.

«У сувязі са здзяйсненнем наўмысных дзеянняў, накіраваных на распальванне сацыяльнай варожасці па прыкмеце прафесійнай прыналежнасці ў дачыненні да прадстаўнікоў улады і праваахоўнікаў, з ліпеня 2020 года з дапамогай створанага і кіруемага ім тэлеграм-канала» ў дачыненні да блогера ўзбуджаная крымінальная справа па ч. 3 арт. 130 КК.

Таксама крымінальная справа заведзена па ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса. У прэс-рэлізе сцвярджаецца, што ўжо атрыманы доказы, якія сведчаць аб здзяйсненні Матолькам дзеянняў, «накіраваных на дэстабілізацыю сацыяльна-палітычнай, эканамічнай і інфармацыйнай абстаноўкі ў краіне, прычыненні шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь. Названыя дзеянні здзяйсняліся таксама з выкарыстаннем кіруемага ім тэлеграм-канала».

Акрамя таго, яму інкрымінуецца ч.1 арт. 361-1 («Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання») Крымінальнага кодэкса.

«Дзейнічаючы па папярэдняй змове з неўстаноўленымі асобамі, знаходзячыся па-за межамі Рэспублікі Беларусь, з мэтай ажыццяўлення супрацьпраўнай дзейнасці Матолька аб’яднаў экстрэмісцкія групы (так званыя «дваровыя чаты») стварыў экстрэмісцкае фарміраванне і кіруе ім» — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы СК.

У бліжэйшы час УСК па горадзе Мінску будзе вынесена пастанова аб прыцягненні да адказнасці блогера ў якасці абвінавачанага па ўсіх вышэйзгаданых злачынствах, пасля чаго яго абвесцяць у міждзяржаўны вышук. Следства таксама праводзіць працу па прызнанні названага інтэрнэт-рэсурсу на тэрыторыі Беларусі экстрэмісцкім.

У Следчым камітэце працягваюць працу па ўстанаўленні датычных да арганізацыі масавых беспарадкаў у Мінску, а таксама пагражаюць, што адміністратары дваровых чатаў будуць несці адказнасць па арт. 361-1 КК.

«Следствам выяўлены неаднаразовыя факты, калі яны перарастаюць ў экстрэмісцкія фарміраванні, асноўнай скіраванасцю якіх з’яўляюцца радыкальныя дзеянні», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.