Кіраўнік СК Іван Наскевіч адпраўлены ў адстаўку. Новы кіраўнік — выхадзец з КДБ

Кіраўніка Следчага камітэта Івана Наскевіча адправілі ў адстаўку. Новым кіраўніком стаў выхадзец з КДБ.

Фота: Вольга Шукайла, TUT.BY

Фота: Вольга Шукайла, TUT.BY

Кіраўнік Следчага камітэта Іван Наскевіч адпраўлены ў адстаўку. Такое рашэнне 11 сакавіка прыняў Лукашэнка, паведамляе тэлеграм-канал «Пул першага». Пра тое, чым запомніўся Іван Наскевіч на гэтай пасадзе, прыгадаў TUT.BY.

Старшынёй Следчага камітэта Іван Наскевіч быў прызначаны ў 2015 годзе. Да гэтага ён тры гады займаў пасаду пракурора Брэсцкай вобласці.

Новым кіраўніком СК стаў Дзмітрый Гара — намеснік генпракурора Беларусі, выхадзец з КДБ. Прычым намеснікам генеральнага пракурора Дзмітрый Гара стаў параўнальна нядаўна — у канцы снежня 2019 года, а да таго 26 гадоў працаваў у КДБ.

«Адзіны запіс у працоўнай кніжцы — сведчанне адданасці сваёй справе, высокага прафесіяналізму. Менавіта такія кадры ўмацоўваюць нашы шэрагі"», — заявіў генпракурор Аляксандр Канюк, калі прадстаўляў свайго намесніка калектыву.

Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», менавіта Дзмітрый Гара ў мінулым годзе ўзначаліў міжведамасную камісію па праверцы фактаў здзекаў і жорсткага абыходжання падчас затрымання грамадзян, якая была створана пасля выбараў. Аб выніках працы гэтай камісіі грамадскасці нічога не вядома, адзначае, tut.by.

Пры Наскевічы праз СК прайшоў шэраг гучных спраў: «справа БЕЛТА» — супраць журналістаў TUT.BY, «справа Коржыча», «справа Белага легіёна», напад школьніка на навучэнцаў і настаўніцу ў Стоўбцах.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў–2020 пазбаўлены рэгістрацыі праваабарончы цэнтр «Вясна» зафіксаваў больш за 500 выпадкаў гвалту ў дачыненні да людзей, якія трапілі ў ізалятар і ЦІП. Пацярпелыя ад свавольства сілавікоў падалі заявы ў Следчы камітэт, але ні адной справы да гэтага часу не было распачата. Затое з'явіліся сотні спраў супраць удзельнікаў мірных пратэстаў.

Крымінальных спраў не з'явілася і з-за смерці дэманстрантаў. У лютым Іван Наскевіч выступіў з заявай аб смерці Аляксандра Тарайкоўскага. Кіраўнік СК заявіў, што сілавікі дзейнічалі згодна з законам і выкарыстоўвалі супраць Тарайкоўскага несмяротную зброю. Распачынаць крымінальную справу не сталі.

— Сваімі дзеяннямі Тарайкоўскі правакаваў праваахоўнікаў, яны не ведалі яго сапраўдных матываў і мэт яго дзеянняў, а з улікам аператыўнай інфармацыі пра магчымыя тэракты, пра наяўнасць у пратэстоўцаў выбуховых рэчываў, зброі, успрымалі яго як рэальную пагрозу жыццю і здароўю як супрацоўнікаў, так і саміх пратэстоўцаў. У сувязі з гэтым супрацоўнікі праваахоўных органаў дзейнічалі выключна ў рамках наяўных у іх інструкцый і ўжылі ў дачыненні да Тарайкоўскага несмяротную зброю, дзеянне якой накіравана не на паразу, а на яго фізічнае спыненне, з бяспечнай адлегласці, якая выключае лятальны зыход. У сілу збегу шэрагу трагічных абставінаў адно з раненняў аказалася пранікальным, у выніку якога смерць Тарайкоўскага наступіла на месцы здарэння, — заявіў тады Іван Наскевіч.

 

Справы супраць следчых

Таксама пры Наскевічы ў СК адбылася гісторыя з двума высокапастаўленымі следчымі па эканамічных справах — начальнікам аддзела па расследаванні злачынстваў у сферы эканомікі ўпраўлення СК па Мінску палкоўнікам Іллём Валозіным і супрацоўнікам Цэнтральнага апарата Следчага камітэта Андрэем Качурам. Аддзел Валозіна займаўся многімі гучнымі эканамічнымі справамі — ад справы Віталя Арбузава і групы кампаній «Fenox» да другой справы Аляксандра Мураўёва і справы лідараў прафсаюза РЭП Фядыніча і Комліка.

У лістападзе 2019 года Андрэя Качуру прызналі вінаватым у падбухторванні да дачы хабару на суму 25 тысяч долараў і прысудзілі да шасці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Ілля Валозін на той момант быў на волі і, паводле звестак TUT.BY, не з'яўляўся фігурантам крымінальнай справы.

 

Лукашэнка быў незадаволены

Сваю незадаволенасць працай СК пры Наскевічы Лукашэнка выказваў не раз. У жніўні 2019 года на рабочай сустрэчы са старшынёй Следчага камітэта Іванам Наскевічам Лукашэнка выказаўся наконт справы галоўнага інжынера МЗКЦ Андрэя Галавача, які правёў у СІЗА 50 месяцаў і быў апраўданы судом. Лукашэнка назваў гэта «разбэшчанасцю праваахоўных органаў». І, у прыватнасці, следства.

«Я не разумею, як можна затрымаць чалавека, пасадзіць яго ў следчы ізалятар… і трымаць яго ў чатырох сценах чатыры гады? Трымаць гэтага чалавека і потым за недаказанасцю адпусціць. Справа ў тым, што гэта разбэшчанасць праваахоўных органаў. І, у прыватнасці, хутчэй за ўсё, следства. Я з генеральным пракурорам буду разбірацца, чаму ён так "наглядае" за крымінальнымі справамі і за выкананнем закона», — падкрэсліў Лукашэнка.

Тады ж Лукашэнка правёў нараду з сілавікамі, якую назваў гістарычнай, і абурыўся працай следчых органаў: «Фальсіфікацыя падчас расследавання крымінальных спраў такая, што лепш бы вы не распачыналі гэтыя крымінальныя справы. Некаторыя ў пагонах прыбурэлі і абарзелі да таго, што яны не проста не павінны іх насіць — гэтыя людзі павінны быць выключаныя з нашага грамадства ў першую чаргу, перш чым тыя, справы якіх яны расследуюць», — заявіў тады Лукашэнка.

Паводле tut.by