Больш рэкламы алкагольных напояў і забарона рэкламаваць навучанне за мяжой

Лукашэнка падпісаў закон, якім уносяцца папраўкі ў заканадаўства аб рэкламе. Кантроль з боку дзяржавы будзе істотна ўзмоцнены. Што канкрэтна зменіцца? 

Фота sb.by

Фота sb.by

Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон, якім уносяцца папраўкі ў заканадаўства аб рэкламе — закон аб зменах афіцыйна апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, піша «Наша Ніва».

Закон змяшчае некаторыя паслабленні ў рэкламе. Так, павялічаны на гадзіну час для рэкламы піва, слабаалкагольных напояў, ігральных устаноў і азартных гульняў. Калі раней такія рэкламныя ролікі можна было трансляваць з 22 гадзін, то цяпер 21 гадзіны і па-ранейшаму да 7 гадзін.

Закон цяпер дазваляе рэкламу алкаголю — у начны час, з 22 да 7 гадзін. 

Разам з гэтым уводзіцца забарона на размяшчэнне рэкламы аб працаўладкаванні і навучанні за межамі Беларусі. За адным выключэннем — такую рэкламу можна будзе пабачыць на сайтах арганізацый і ІП, якія займаюцца дзейнасцю, звязанай з працаўладкаваннем за межамі Беларусі і аказваюць паслугі на накіраванні на навучанне за межамі краіны. 

З заўважнага таксама тое, што дакумент адмяняе забарону на размяшчэнне рэкламы на шкле цягнікоў метрапалітэна.

Большасць палажэнняў гэтага закона набудуць моц праз паўгода пасля афіцыйнага апублікавання.

Што яшчэ зменіцца?

Паводле слоў міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксея Багданава, законапраект прадугледжвае тры асноўныя блокі зменаў. 

Па-першае, уводзяцца змены ў сферы кантролю за рэкламай з боку дзяржавы, ён будзе ўзмоцнены.

Так, размяшчэнне рэкламы на транспарце дапускаецца толькі пасля яе ўзгаднення з гар(рай)выканкамам па месцы знаходжання ўладальніка транспартнага сродку, а калі яна медыцынскага характару — то пасля яе ўзгаднення з Міністэрствам аховы здароўя. 

Па-другое, уводзіцца забарона на размяшчэнне рэкламы аб працаўладкаванні і навучанні за межамі Беларусі.

Выключэннем будзе толькі рэклама на сайтах, якія адмыслова праводзяць дзейнасць, звязаную з працаўладкаваннем за межамі Беларусі і аказваюць паслугі па накіраванні на навучанне за межамі краіны.

Па-трэцяе, размяшчэнне сацыяльнай рэкламы не ўзгадняецца гар(рай)выканкамамі, паколькі яе якасць будзе ацэньвацца міжведамаснай радай па рэкламе пры МАРГ.

Паводле слоў Багданава, да сацыяльнай рэкламы цяпер будуць адносіцца і мерапрыемствы, накіраваныя на прасоўванне нацыянальных фільмаў. Гэтая тэма, маўляў, вельмі доўга абмяркоўвалася, і прынята рашэнне, што такая рэклама павінна прызнавацца сацыяльнай і плата спаганяцца не будзе.

Таксама рэкламараспаўсюджвальнікі будуць абавязаныя па патрабаванні дзяржаўных органаў размяшчаць сацыяльную рэкламу дзяржаўных святаў, святочных дзён і памятных дат, а таксама сацыяльную рэкламу «ў сферы гарантавання дзяржаўнай і грамадскай бяспекі».

Акрамя таго, дзяржаўным аператарам знешняй рэкламы дадуць права на размяшчэнне сродкаў знешняй рэкламы на дзяржаўнай нерухомай маёмасці без правядзення таргоў.