Больш за 200 подпісаў за перанос цэхаў МТЗ перададзеныя ў Мінгарвыканкам
Кампанія за перанос ліцейных цэхаў Мінскага трактарнага завода за межы горада, абвешчаная каардынатарам Руху «За Свабоду» ў Мінску Віктарам Янчурэвічам.
«Яшчэ пад час мясцовых выбары жыхары ўздымалі праблемы шкодных выкідаў і скардзіліся на наступствы працы ліцейных цэхаў, якія, як вядома, экалагічна найбольш шкодныя з усяго МТЗ. Таму мы з камандай вырашылі падняць праблему, каб змяніць сітуацыю ў раёне», — распавёў сайту Pyx.by Янчурэвіч.
Па ягоных словах, мясцовыя жыхары на збор подпісаў рэагуюць вельмі пазітыўна, усцешаныя тым, што нехта пачаў уздымаць пытанне, таму што «праблему адчуваюць хіба што не кожны дзень: вымушаныя жыць у такіх умовах, калі непажадана адчыняць форткі».
«Гэта паказвае, што праблема – актуальная. Працу ліцейных цэхаў найбольш адчуваюць жыхары прылеглай тэрыторыі, але эфект ад гэтых забруджванняў кладзецца на плечы ўсяго 2 млн насельніцтва Мінска», — адзначыў мінскі каардынатар Руху.
Сёння ў Мінгарвыканкам былі перададзеныя 219 подпісаў. «Мы далей працягнем збіраць подпісы, размаўляць з людзьмі. Разумеем, што адказ Мінгарвыканкама на зварот можа быць несуцяшальным, таму перапіску прыйдзецца працягнуць, каб было больш аргументаў, трэба мець больш подпісаў», — падрэсліў Янчурэвіч.
У планах, дадаў ён, таксама сустрэча з адміністрацыяй трактарнага завода на прадмет бачання развіцця вытворчасці і магчымага пераноса шкоднай вытворчасці за межы горада кіраўніцтвам самога прадпрыемства.
Вольга Быкоўская, pyx.by